Затрыманы Аляксей Абрамаў — жонцы: «Сам ня ведаю, за што мяне»

Ілюстрацыйнае фота. Будынак КДБ у Менску

Ілюстрацыйнае фота. Будынак КДБ у Менску

Увечары 21 сакавіка ў кватэры мэнэджара па продажах Аляксея Абрамава супрацоўнікі КДБ правялі ператрус, пасьля якога забралі гаспадара з сабой. Жонка затрыманага Марыя лічыць, што яе мужа трымаюць ў СІЗА КДБ.

«Як выводзілі мужа, дык спытала ў іх, куды яго. Сказалі — у СІЗА. Таму мяркую, што ён ў СІЗА КДБ — яны ж былі з КДБ, у пратаколе вобыску так пазначана», — сказала карэспандэнту Свабоды Марыя. Для яе затрыманьне мужа стала шокам.

«Прыходжу з сынам пасьля 9 вечара дамоў, а тут ідзе ператрус! Мужа трымаюць у пакоі асобна. Толькі пасьпела спытаць — за што, у чым абвінавачваюць? Адказаў, што сам ня ведае».

Марыя кажа, што ёй невядома пра тое, каб яе Аляксей быў сябрам нейкага вайскова-патрыятычнага клюбу і наведваў трэнавальныя клюбы ці летнік. Ведае, што раней, яшчэ ў канцы 90-х гадоў, юнаком, муж сябраваў з хлопцамі з арганізацыі «Белы легіён», захапляўся нейкімі патрыятычнымі ідэямі. «Тады імі кожны другі захапляўся». Але ў апошнія гады, паводле Марыі, Аляксей з дому нікуды ня езьдзіў: «Толькі ўсёй сям’ёй езьдзілі ў адпачынак».

Сярод забраных пасьля ператрусу рэчаў з кватэры Аляксея Абрамава ягоная жонка прыгадала ейны ноўтбук, планшэт сына з гульнямі, некалькі флэшак, чырвона-чорны сьцяг, раменную бляху, друкаваны артыкул і грошы.

«Гэта ж усе ашчаджэньні сям’і. Забраныя рэчы — гэта проста дзіцячы садок! А тое, што забралі ўсе грошы, — праблема. Вось цяпер трэба з адвакатам дамову заключыць, жыць трэба, дзіця малое», — кажа Марыя.