Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК) Мікола Статкевіч лічыць, што затрыманьні 21 сакавіка Алеся Яўдахі, Міраслава Лазоўскага і Андрэя Дундукова скіраваныя на тое, каб запалохаць людзей перад акцыяй 25 сакавіка.
Палітык перакананы, што яны атрымаюць па некалькі сутак адміністрацыйнага арышту і выйдуць на волю пасьля 25 сакавіка. Ён абверг іх датычнасьць да арганізацыі Дня Волі ў Менску:
«Я ня меў кантакту з гэтымі людзьмі. Яны ня маюць ніякага дачыненьня да арганізацыі акцыі 25 сакавіка. Але паводзіны ўладаў зразумелыя, яны ў паніцы, яны баяцца. Улады спрабуюць паменшыць яўку людзей на акцыю 25 сакавіка. Што б там ні казалі — сцэнары, маршруты — галоўным паказчыкам будзе колькасьць людзей на акцыі. Таму што гэта будзе сьведчыць пра ступені незадаволенасьці грамадзтва. І ўлады вельмі баяцца гэтага. Таму і палохае людзей. Але я яшчэ раз кажу — ва ўладаў няма сродкаў, яна знаходзіцца ў такой сытуацыі, калі ня можа пайсьці на брутальныя мэтады задушэньня акцыі. Таму яна дзейнічае загадзя, яна палохае, каб людзі не прыйшлі на акцыю».
Статкевіч лічыць, што затрыманыя актывісты могуць стаць героямі новых выпускаў агітпрапу на дзяржаўных каналах тэлебачаньня:
«Магчыма, што будуць новыя ролікі на дзяржаўных каналах тэлебачаньня. Тым больш што Лукашэнка казаў пра „лягер баевікоў у раёне Бабруйска —Асіповічаў“. А „Белы легіён“, у які калісьці ўваходзіў той жа Міраслаў Лазоўскі, меў дачыненьне да гэтага месца. Чарговыя „пацукі“, будуць „выкалупваць“. Яшчэ сытуацыя зьвязана зь цяжкім псыхалягічным станам кіраўніка рэжыму, магчыма, зь ягонай псыхалягічнай хваробай. А падначаленыя халуі вымушаныя падладжвацца пад гэты стан, забясьпечваць ягоныя словы нейкімі доказамі. Я думаю, што затрыманыя атрымаюць некалькі сутак адміністрацыйнага арышту, але калі акцыя пройдзе, іх выпусьцяць».
Мікола Статкевіч ухваліў рашэньне аргкамітэту сьвяткаваньня Дня Волі ісьці ў цэнтар Менску, нягледзячы на тое, якім будзе адказ зь Менгарвыканкаму. Але лічыць, што галоўным арганізатарам акцыі застаецца БНК, які ён узначальвае:
«Ніякіх рознагалосьсяў у мяне з аргкамітэтам няма. Насамрэч адзіны, хто рыхтуе акцыю, — гэта Беларускі нацыянальны кангрэс. Ён вядзе працу для падрыхтоўкі гэтай акцыі. Што тычыцца пазыцыі заяўнікаў, то гэта пазыцыя некалькіх чалавек. Я ўвайшоў зь імі ў кантакт, размаўляў зь імі тры гадзіны. Калі я быў там, то яна паміж сабой пасварыліся, падзяліліся тры на два. Відаць, цяпер яны прыйшлі да нейкай агульнай згоды. Але гэтага мала. Тым больш, калі яны не атрымаюць дазвол на той маршрут, які прасілі, яны перастаюць быць заяўнікамі і адказнымі за той маршрут, які яны падтрымалі. Разам з тым хачу адзначыць: тое, што ў такой цяжкай сытуацыі гэтыя маладыя людзі заявілі, што шэсьце пойдзе ў цэнтар гораду, робіць ім гонар».