Арышты пасьля заявы Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў»: да 11 затрыманых. Абнаўляецца

Затрыманыя 21 сакавіка: Міраслаў Лазоўскі, Алесь Яўдаха, Андрэй Дундукоў. Архіўныя здымкі

Аляксандар Лукашэнка 21 сакавіка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лягерах з зброяй». Адзін зь лягераў нібы быў «у раёне Бабруйску і Асіповічаў», астатнія ва Ўкраіне і ці Літве, ці Польшчы. У той жа дзень Лукашэнка казаў, што «не адмяняў і не прыпыняў» дэкрэт № 3, што «ўзарваў апазыцыйную кляаку» і што хацеў бы, каб беларускія навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі. А днём раней публікаваліся «страшылкі» пра нібыта «прарыў мяжы» і «радыеактыўны самалёт», якія былі часткова абвергнутыя.

Пасьля пачаліся затрыманьні.

Спачатку быў затрыманы і зьбіты людзьмі ў масках Міраслаў Лазоўскі, колішні лідэр «Белага легіёну». У ягонай кватэры адбыўся ператрус. У чым абвінавачваюць Лазоўскага, невядома. Але да затрыманьня ён паведамляў, што ягоны профіль на Facebook быў узламаны, невядомая асоба ад ягонага імя распаўсюджвала інфармацыю пра падрыхтоўку да вулічнай акцыі 25 сакавіка.

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч кажа Свабодзе, што Лазоўскі браў удзел у нядаўняй абароне Курапатаў, у тым ліку прысутнічаў у час начнога нападу на абаронцаў. Але Дашкевіч адзначае, што Лазоўскі апошнім часам ня вёў нейкай грамадзкай ці палітычнай дзейнасьці, хіба падтрымліваў уласную фізычную форму, а «Белы легіён» ня быў актыўны пасьля 2000-х гадоў.

Нявеста Лазоўскага: Міраслава прывялі ў крыві і ў кайданках

Празь некалькі гадзінаў быў затрыманы кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха. «Людзі ў цывільным» схапілі яго проста на вуліцы, запхалі ў мікрааўтобус. Ягоны бацька напісаў заяву аб выкраданьні сына. Паводле зьвестак ягонага сябра, Яўдаху абвінавацілі ў «падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках».

Бацька Алеся Яўдахі паведаміў, што сын у СІЗА КДБ

Зранку стала вядома пра трэцяе начное затрыманьне: быў схоплены аматар экстрэмальнага турызму і страйкболу, ратавальнік МНС Андрэй Дундукоў. Ён быў затрыманы на мяжы з Украінай, калі ехаў з жонкай і дзіцём на адпачынак. У чым абвінавачваюць Дундукова, пакуль невядома.

Паступаюць непацьверджаныя зьвесткі пра наступныя затрыманьні: яшчэ да 8 чалавек

Паводле зьвестак газэты «Наша ніва» і актывісткі Насты Дашкевіч, 21 сакавіка былі затрыманыя яшчэ восем сяброў зарэгістравагана бабруйскага вайскова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт». У іх ліку спэцназавец з Мар’інай Горкі Вячеслаў Дукшт (1992 году нараджэньня), вайсковец і сын заснавальніка клюбу Ян Міхалькоў, а таксама памежнік Смаргонскага атраду, намесьнік начальніка па ідэалёгіі Ільля Грэк (1992 году нараджэньня), нехта Аляксей Абрамаў (1979 году нараджэньня), Андрэй Колмік-Ямацін, Сяргей Барсток і Цімур Пашкевіч, а таксама яшчэ адзін зь сяброў клюбу «Патрыёт», імя якога прасілі не называць, бо яго «ўзялі за кампанію».

Ільля Грэк, паводле газэты «Сьветлы шлях», ў траўні 2016 года служыў намесьнікам начальніка па ідэалёгіі памежнай заставы «Лоша» Смаргонскай памежнай групы. Прэсавы сакратар Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі пра меркаванае затрыманьне памежніка Грэка заявіў:

«Абвергнуць і пацьвердзіць затрыманьне не магу, зьвестак пра затрыманьні апошнімі днямі супрацоўнікаў Памежнага камітэту ў мяне няма».

Затрыманы Аляксей Абрамаў — жонцы: «Сам ня ведаю, за што мяне»

«Як выводзілі мужа, дык спытала ў іх, куды яго. Сказалі — у СІЗА. Таму мяркую, што ён ў СІЗА КДБ — яны ж былі з КДБ, у пратаколе вобыску так пазначана», — сказала карэспандэнту Свабоды Марыя. Для яе затрыманьне мужа стала шокам.

Чыслаў: клюб «Патрыёт» афіцыйна зарэгістраваны

Былы лідэр «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў, які жыве цяпер ва Ўкраіне, у інтэрвію Свабодзе распавёў, што яшчэ летась міліцыянты здымалі на відэакамэру заняткі ў бабруйскім клюбе «Патрыёт».

Затрыманы Дундукоў служыць у эліце МНС. Яго затрымалі на памежным пункце з Украінай

«Ён ратуе людзей. Не было да яго ніякіх пытаньняў. У іміджавым роліку МНС здымаўся. Ён там вадалаз. Прымаў удзел у вялікім парадзе МНС летам. Шмат што добрага можна пра яго сказаць», — паведаміла Свабодзе жонка затрыманага.

У МУС няма зьвестак пра затрыманых Лазоўскага, Яўдаху і Дундукова

Кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалькевіч сказаў Свабодзе, што ня ведае такіх прозьвішчаў — Лазоўскі, Яўдаха і Дундукоў — і ня можа паведаміць, затрыманыя яны ці не:

«Калі нешта зрабілі і за гэта затрыманыя, тады так. Але мне прозьвішчы затрыманых не паведамляюць і дзе яны цяпер, ня ведаю», — адказаў Канстанцін Шалькевіч Свабодзе.

КДБ пра начныя затрыманьні: «Неўзабаве пра ўсё даведаецеся»

Прэсавы сакратар КДБ Дзьмітры Пабяржын адказаў Свабодзе пра затрыманьні мінулай ночы:

«Без камэнтароў. Я ведаю, пра каго вы пытаецеся, ужо многія СМІ напісалі. Усяму свой час. Неўзабаве пра ўсё даведаецеся».

Яўдахі, Лазоўскага і Дундукова ў СІЗА на Валадарцы няма

Дзяжурная сьледчага ізалятару нумар 1, што месьціцца на вуліцы Валадарскага ў Менску, паведаміла карэспандэнту Свабоды, што ў сьпісах іхных вязьняў няма Алеся Яўдахі, Міраслава Лазоўскага і Андрэя Дундукова.

Статкевіч пра затрыманьне Яўдахі, Лазоўскага і Дундукова: «Яны ня маюць дачыненьня да арганізацыі акцыі 25 сакавіка»

«Калі спэцслужбы пачынаюць фантазіраваць, гэта справа небясьпечная», — Стэфановіч

«Задача вярнуць шампанскае ў бутэльку», — Дзьмітрыеў пра «лягеры баевікоў» і затрыманьні

«Яўдаха, Лазоўскі і Дундукоў не рыхтавалі акцыі 25 Сакавіка», — заяўнік Дзяніс Садоўскі

Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК) Мікола Статкевіч лічыць, што затрыманьні Алеся Яўдахі, Міраслава Лазоўскага і Андрэя Дундукова скіраваныя на тое, каб запалохаць людзей перад акцыяй 25 сакавіка. Палітык перакананы, што яны атрымаюць па некалькі сутак адміністрацыйнага арышту і выйдуць на волю пасьля 25 сакавіка. Ён абверг іх датычнасьць да арганізацыі Дня Волі ў Менску.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што тры затрыманьні зьвязаныя між сабой і зьвязаныя з заявамі Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў».

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў думае, што «баевікамі прызначылі мірных грамадзянаў»:

«Мы ня маем ніякіх публічных доказаў гэтаму, акрамя словаў самой улады. Няма фатаздымкаў са спадарожніка, няма сьведчаньняў відавочцаў. Пакуль гэта ўсё выглядае проста як плян інфармацыйнай апрацоўкі людзей, каб падрыхтаваць іх да іншых дзеяньняў улады».

Адзін з заяўнікаў шэсьця на Дзень Волі Дзяніс Садоўскі заявіў Свабодзе:

«З гэтымі людзьмі не знаёмы. Ніякім чынам мы не перасякаліся ні раней, ні для арганізацыі акцыі 25 сакавіка. Я думаю, што іх арыштавалі для таго, каб упісаць гэтых асобаў у прыдуманы КДБ сцэнар пра лягеры пад Асіповічамі і Бабруйскам. Улады хочуць стварыць страшылку, каб запалохаць людзей перад акцыяй».

«Можа, гаворка не пра клюб „Патрыёт“? Я ня веру ў гэта» — бабруйская чыноўніца

Экстрым, гісторыя Беларусі, куратар «зьверху». Што вядома пра клюб «Патрыёт», які палічылі за «лягер баевікоў»

Чыслаў: «Зь сілавых структураў зрабілі асобную касту, якая грэбліва ставяцца да народу»

Максім Сьцяпанаў — яшчэ адзін затрыманы па справе «лягера баевікоў».

У жывым эфіры Свабоды жонка затрыманага па «справе баевікоў» Андрэя Дундукова Ганна паведаміла, што Максім Сьцяпанаў ехаў разам з Дундуковымі ў машыне і быў затрыманы на беларуска-ўкраінскім памежжы разам з Андрэем Дундуковым.

***

Разам з тым у Беларусі ідуць затрыманьні і суды ўдзельнікаў «маршаў недармаедаў». Пакараньні за маршы датыкнуліся бяз малага 250 чалавек, зь іх больш за 80 чалавек правядуць Дзень Волі за кратамі.