«Мы віталі б запрашэньне назіраць за вучэньнямі Захад 2017. Мы чакаем афіцыйнага запрашэньня для назіральнікаў NATO, у адпаведнасьці з палажэньнямі Венскага дакумэнту. Такое запрашэньне будзе важным крокам наперад у вайсковай празрыстасьці і прадказальнасьці», — сказаў згаданы прадстаўнік NATO.
І ён дадаў:
«У сьнежні мы абмяркоўвалі, як мы можам умацаваць Раду Расея- NATO у якасьці форуму для ўзаемных брыфінгаў па вучэньнях. Мы віталі б папярэдні брыфінг аб вучэньнях Захад 2017».
Агенцтва БелТА паведамляла, што 20 сакавіка кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што на манэўры «Захад-2017» будуць запрошаныя ўсе ахвотныя. «Мы нічога ня ўтойваем і ўтойваць ня мусім. Калі натаўцы хочуць прысутнічаць на нашых манэўрах, калі ласка», — сказаў Лукашэнка.
Венскі дакумэнт — пагадненьне паміж дзяржавамі-удзельніцамі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, прызначанае для ажыцьцяўленьня захадаў даверу і бясьпекі. Яго палажэньні ўключаюць, сярод іншага, штогадовы абмен вайсковай інфармацыяй пра сілы, разьмешчаныя ў Эўропе, кансультацыі адносна незвычайных вайсковых дзеяньняў і небясьпечных інцыдэнтаў, а таксама назіраньне за пэўнымі відамі вайсковай дзейнасьці.