У раёне Бабруйску і Асіповічаў выявілі трэніровачныя лягеры. Пра гэта сёньня заявіў Аляксандар Лукашэнка. Зброя ад радыкалаў з-за мяжы, лягеры баевікоў, выбухі ў дзень пратэстаў, рука Кіева, Варшавы і Масквы — апошнія 11 гадоў напярэдадні масавых акцый пратэсту на дзяржаўным тэлебачаньні зьяўляюцца аднолькавыя навіны.
2006 — лягер баевікоў, выбухоўка, пацукі ў водаправодзе
З 2005 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі рэгулярна паведамляў пра лягеры апазыцыянэраў, якія зьбіраліся захапіць уладу падчас прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году. Сьцяпан Сухарэнка, старшыня КДБ, з 2005 году выяўляў лягеры апазыцыі ў Беларусі і за мяжой. Там, па словах Сухарэнкі, рыхтавалі баевікоў для рэвалюцыі ў Беларусі.
У 2006 годзе Сухарэнка выкрыў новы плян скіданьня ўлады. Гэтым разам, па ягонай інфармацыі, апазыцыя мелася сабраць некалькі тысяч чалавек на плошчы і прывесьці ў дзеяньні выбуховае прыстасаваньне. Але самай гучнай справай была апэрацыя «пацук». КДБ паведаміў пра затрыманьне грузінскіх наймітаў, якія рыхтавалі выбухі і падпалы ў дзень выбараў прэзыдэнта. Таксама ў плянах тэрарыстаў было атруціць водаправод.
Your browser doesn’t support HTML5
«Каб атруціць насельніцтва, трэба было злавіць пацука ці мыш, забіць і кінуць у вядро з вадой. Цягам двух тыдняў яна ляжыць у вадзе і гніе, вада атрымліваецца атручанай. І ўліць яе ў сыстэму водазабесьпячэньня», — такія паказаньні тэрарыстаў КДБ прадэманстраваў на прэс-канфэрэнцыі.
За пару дзён да выбараў ананімны адпраўшчык адсылаў смс пра кровапраліцьце, якое рыхтуецца 19 сьнежня ў Менску.
Аднак у ноч з 19 на 20 сакавіка ніякіх падрываў і падпалаў у Менску не было. На Кастрычніцкай плошчы некалькі дзён прастаяў намётавы лягер. А «падрыхтаваныя баевікі» не змаглі даць адпор АМАПу і самі селі ў аўтазакі па першым патрабаваньні міліцыі. За тыдзень акцыяў пратэсту ў ізалятарах апынулася больш за паўтысячы чалавек.
Па справе падрыхтоўкі тэрарыстычнай атакі завялі крымінальную справу. Але да суду яна не дайшла. Неўзабаве Сьцяпана Сухарэнку зьнялі з пасады старшыні КДБ, а імёны выкрытых ім баевікоў і разьмяшчэньне лягераў так нідзе і не былі агучаныя.
2010 — тратыл з Расеі, гараж са зброяй
Пра дзяржаўны пераварот, які плянавала апазыцыя, стала вядома зь фільму «Плошча. Жалезам па шклу». Аналягічна з 2006 годам, у дзень выбараў павінна была адбыцца сэрыя выбухаў. Пра гэта расказаў Аляксандар Цішчанка, прэс-сакратар Памежнага камітэту, у фільме на тэлеканале «Беларусь-1».
Пад выглядам турыстаў баевікі завозілі ў Беларусь з-за мяжы кастэты, дубінкі і патроны. З Расеі везьлі арматуру 12 актывістаў «адной з радыкальных арганізацый». Памежнікі затрымалі не адну групу баевікоў. Статкевіч замовіў у Гомлі 3 тысячы завостраных мэталічных штыроў для мітынгу 19 сьнежня. Падлеткі пайшлі на мітынг, абвязаўшыся выбуховымі пакетамі. У мікрааўтобусе, які рухаўся разам з калёнай Някляева, знайшлі баявы арсэнал: рэзаную арматуру, каністры з бэнзінам, сьвятлогукавыя гранаты. Пра ўсё гэта гаворыцца ў фільме на канале «Беларусь-1».
Таксама ў фільме «Жалезам па шклу» расказваецца, што 17 сьнежня 2010 году ў менскім гаражы знайшлі гранатамёты «Муха», аўтаматы Калашнікава, пісталет, патроны, тратылавыя шашкі. Усё гэта прызначалася для захопнікаў Дому ўраду.
За адну ноч 19 сакавіка ў Менску затрымалі больш за 600 чалавек, у тым ліку сем зь дзесяці кандыдатаў у прэзыдэнты. Але «баявы арсэнал», які паказалі па дзяржтэлебачаньні, у заведзеных на іх крымінальных справах не фігураваў.
2015 — 200 украінцаў зь бітамі і адной гранатай
За тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году дзяржаўнае тэлебачаньне паказала сюжэт пра затрыманых украінцаў. У эфіры каналу «Беларусь-1» прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка сказаў, што памежнікі не пусьцілі ў Беларусь каля двухсот грамадзян Украіны.
Па словах Цішчанкі, некаторыя з украінцаў везьлі з сабой камуфляжную вайсковую форму, біты, дубінкі і траўматычную зброю. У адным выпадку памежнікі выявілі гранату. Некаторыя з украінцаў, якія спрабавалі трапіць у Беларусь, значыліся ў міжнародным вышуку. Былі сярод іх і «ўдзельнікі незаконных узброеных фармаваньняў».
На наступны дзень пра ўзброеных украінцаў ужо заявіў Аляксандар Лукашэнка. Ён заклікаў кіраўніцтва Ўкраіны не падкідаць людзей са зброяй у Беларусь.
«Не падкідайце нам больш баевікоў, — перадавала БелТА словы прэзыдэнта. — Стаміліся іх ужо на мяжы затрымліваць, з гранатамі, бітамі, пісталетамі, боепрыпасамі (...) Давайце жыць дружна».
У дзень выбараў, 15 кастрычніка 2015 году, ні ўкраінскія, ні беларускія радыкалы ня выйшлі на плошчу ў Менску. Гэта была самая нешматлікая акцыя пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, у якой узялі ўдзел некалькі сотняў чалавек.
2017 — анархісты і ўкраінскія баевікі
Пасьля масавых «Маршаў недармаедаў» па ўсёй краіне дзяржаўнае тэлебачаньне правяло расьсьледаваньне і знайшло карані акцый пратэсту. Галоўны фігурантам гэтых маршаў назвалі Мікалая Статкевіча. Ён езьдзіць па кансультацыю ва Ўкраіну, атрымлівае адтуль грошы. Пра гэта падрабязна распавядаецца ў дакумэнтальным фільме «Званок сябру» тэлеканалу «Беларусь-1».
Да «пятай калёны» сталі таксама адносіць анархістаў. Беларускіх леварадыкалаў, як вынікае зь фільму на канале «Беларусь-1», натхнялі «ўкраінскія аднадумцы па барацьбе зь дзяржавай». Менавіта на анархістаў палявалі міліцыянты ў цывільным пасьля «Маршаў недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка і ў Менску 15 сакавіка. Афіцыйна іх затрымалі за маскі, якія анархісты насілі на маршы. Але ўжо пасьля судоў на тэлеканале АНТ расказалі пра «нажы і кастэты», якія былі ва ўдзельнікаў менскага пратэсту. Праўда, падчас судовых працэсаў над затрыманымі ў Менску сьведкі-амапаўцы не гаварылі ні пра якую зброю.
21 сакавіка ў сувязі з пратэстамі пачалі фігураваць трэніровачныя лягеры «пятай калёны». Усё як у 2006 годзе. Аляксандар Лукашэнка сказаў, што анархісты трэніраваліся ў лягерах са зброяй у раёне Бабруйску і Асіповічаў, а таксама за мяжой.
«Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй», — сказаў Лукашэнка. Шырэйшую інфармацыю ён паабяцаў прадставіць пазьней.