Беларускі бок прызнаў шэраг аргумэнтаў украінскіх уладаў наконт інцыдэнту з аўтамабілем, які 20 сакавіка нібыта спрабаваў прарвацца празь дзяржаўную мяжу Беларусі непадалёк ад беларускага пункту пропуску «Аляксандраўка», напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку дарадца старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Алег Слабадзян.
«Учора памежнікі Жытомірскага атраду правялі памежна-прадстаўнічую сустрэчу зь беларускімі калегамі. У выніку беларускі бок прызнаў, што 1) падстаў казаць аб тым, што аўтамабіль прыбыў з украінскага пункту пропуску — не існуе; 2) што беларускі бок парушыў асобныя пункты Пляну ўзаемадзеяньня; 3) у далейшым абавязваецца своечасова інфармаваць аб атрыманай інфармацыі...», — напісаў Слабадзян.
Ён таксама выклаў скан пратаколу сустрэчы (унізе артыкулу)
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі 20 сакавіка паведаміў пра спробу «прарыву» празь дзяржаўную мяжу Беларусі ў раёне прапускнога пункту «Аляксандраўка» з ужываньнем табэльнай зброі.
Інцыдэнт адбыўся у 01.45 ночы 20 сакавіка, калі з украінскага боку праз Аляксандраўку спрабаваў прарвацца аўтамабіль маркі «Джып». Машына зьбіла шлягбаўм і праехала праз «сродак прымусовага спыненьня». Машыну спынілі праз 3 км — у раёне Габрылееўкі, затрымалі дзьвюх асоб, а яшчэ аднаго грамадзяніна, які мог знаходзіцца ў машыне, шукаюць.
У аўтамабілі, сьцьвярджаюць беларускія памежнікі, знойдзены пісталет ТТ, два зараджаныя магазіны, а таксама «прадмет, вонкава падобны да тратылу з электрадэтанатарам».
Відэа Памежнага камітэту Беларусі: