Аляксандра Кабанава будуць судзіць другі раз. Ён ужо адбыў 5 сутак арышту паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і брыдкаслоўі. Сам спадар Кабанаў тады віны не прызнаў, ён кажа, што сапраўдная прычына — ягоны актыўны ўдзел у арганізацыі «Маршаў недармаедаў» у розных гарадах Берасьцейшчыны.
Цяпер Аляксандра Кабанава будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Берасьці 5 сакавіка. Пачатак працэсу у Бярозе, 12.00.
У самім Берасьці а 16:30 адбудзецца суд над удзельнікам маршу 5 сакавіка Андрэем Марачам. Ён ужо адседзеў 5 сутак за гэтую акцыю, але 17 сакавіка быў затрыманы каля ўласнага пад’езду і абвінавачаны ў дробным хуліганстве.
Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін лічыць, што актывістам будуць прысуджваць суткі, каб не дапусьціць іх удзелу ў акцыях, якія плянуюцца 25 і 26 сакавіка.