Самыя вобразныя, дасьціпныя, часам парадаксальныя выказваньні ўдзельнікаў «Маршаў недармаедаў», а таксама адной прадстаўніцы ўлады. Слонім — Горадня — Бабруйск — Пінск — Рагачоў.
- «Калі прэзыдэнт прымаў прысягу, ён клаў руку на Канстытуцыю ці на дэкрэт?» — спыталася 19 сакавіка спадарыня ў старшыні слонімскага райвыканкаму Алега Таргонскага. Слова «клаў» актыўна абыгрывалі ў сацсетках у зьвязку зь дзейнасьцю першай асобы краіны.
- «Выхаваньне не дазваляе крычаць побач з нацыянальным сымбалем», — сказала пра помнік Леніну намесьніца гарадзенскага райвыканкаму Зоя Кулеша пратэстоўцам 15 сакавіка.
- «Дэкрэты павінны прыносіць шчасьце!» Паўза. Прысутныя ў лёгкім шоку. «А нам прыходзяць лісты шчасьця». Эмацыйная рэпліка спадарыні ў Бабруйску 12 сакавіка.
- «Лукаша закупіла Амэрыка і камандуе як хоча» — азадачыў прысутных сталага веку спадар у Cлоніме 19 сакавіка.
- «Аляксандар Рыгоравіч, вы труціце нас пальмавым алеем!» — крык душы пэнсіянэркі ў Горадні 15 сакавіка.
- «Мы ня хочам ні вайны, ні Расеі, мы хочам, каб нас пачулі!», — паўтарала 12 сакавіка ў Бабруйску маладая жанчына, чый муж не вылазіць з заработкаў у Расеі.
- «Да рэвалюцыі ў Бабруйску было больш працы», — са скрухай заўважыў сталага веку спадар у Бабруйску 12 сакавіка.
- «Пры Брэжневу жылі ў сто разоў лепш», — аўтарытэтна засьведчыў пэнсіянэр у Пінску 11 сакавіка.
- «Пасьля вайны так не жылося, як я цяпер жыву", — амаль плача старэнькая ў Бабруйску 12 сакавіка. Падобныя рэплікі з адсылкай да пасьляваеннага часу гучалі і ў іншых гарадах ад старых людзей.
- «Ва Ўкраіне лепей жыць, хоць там вайна, а ў нас горай без вайны». Бабруйск, 12 сакавіка.
- Раней на цэнтральны пляц сілком заганялі на савецкія сьвяты, а тут упершыню людзі самі сабраліся! — дзівіцца спадарыня ў Рагачове 12 сакавіка.
- Па-пацанску скажу, так справы ня робяцца. Зьмяняць уладу трэба. — Пінск, 11 сакавіка.
- «За што нашы дзяды ваявалі?!» — пытаецца маці зь немаўлём у вазочку. Пінск, 11 сакавіка.