Час сякеры

Караліна Эмке

Яе ненавідзяць.

Яе ненавідзяць за тое, што яна піша і кажа.

Яе ненавідзяць за тое, як яна кахае.

Яе ненавідзяць за тое, што яна жанчына.

Яе ненавідзяць за тое, што яна спрабуе разабрацца ў тым, што такое нянавісьць — і гэта выбівае сякеру ў нянавісьці з рук.

За голас, за вочы, за манеру апранацца. Дый ці мала яшчэ за што?

Прыйшоў час узяць сякеру.

І яшчэ ненавідзяць проста так. На ўсялякі выпадак. Прэвэнтыўна. Традыцыйна. Рытуальна. Палка і самааддана — традыцыя любіць экстатычныя рытуалы. Усе мы людзі, усе пад богам ходзім, трэба ж нам некага ненавідзець, бо інакш высьветліцца, што мы самі ва ўсім вінаватыя, а гэта зьніжае самаацэнку, дзетанараджальнасьць і псуе апэтыт. Дваццаць першае стагодзьдзе вярнула нам патрэбу ў героях. Мы ні ў чым не вінаватыя. Гэта ўсё яны. Ахвяры зь іхнымі ўспамінамі і траўмамі, якія ўсім надакучылі. Прыйшоў час ганарыцца. Прыйшоў час ненавідзець. Прыйшоў час узяць сякеру.

Ненавісная многім нямецкая публіцыстка, эсэістка, філёзафка Караліна Эмке не шукае герояў, яна шукае адказаў. О, тысячы людзей хацелі б, каб яна замаўчала!.. Тысячы мараць пра тое, што з Каралінай Эмке нешта здарыцца. Сэрца, рак, няшчасны выпадак, гвалт. Толькі б зь ёй ня здарыўся новы тэкст. У сьнежні ў адной з бэрлінскіх кнігарняў я разгарнуў яе кнігу ў трывожнай ярка-аранжавай вокладцы — і зразумеў: вось яна, тая кніга, якая можа даць надзею. Надзею на тое, каб не захлынуцца ў гэтым акіяне нянавісьці, у якім тоне сьвет. «Gegen den Hass», «Супраць нянавісьці» — так называецца гэтая кніга, якая выйшла летась і ў тым самым годзе атрымала прэмію міру нямецкіх кнігавыдаўцоў, адну з самых значных у Эўропе (дарэчы, некалькі гадоў таму ёй узнагародзілі і Сьвятлану Алексіевіч).

Вокладка кнігі Караліны Эмке "Супраць нянавісьці"

«Часам я пытаюся ў сябе, ці ня мушу я ім зайздросьціць. Часам я пытаюся, як яны гэта могуць — так ненавідзець. Як яны могуць быць такімі ўпэўненымі. Бо такімі павінны быць тыя, хто ненавідзіць: упэўненымі. Інакш яны ня здолеюць так гаварыць, так раніць, так забіваць».

Так пачынаецца кніга Караліны Эмке. Кніга пра нянавісьць да іншых. Кніга эсэ пра тое, чаму яна вярнулася, нянавісьць, чым яна жывіцца і куды вядзе. Пра тое, які ён, яе modus operandi. Пра тое, як нянавісьць абапіраецца на бачнасьць і нябачнасьць чалавека ў грамадзтве, як яна неўпрыкмет падмяняе сабой любоў, надзею і клопат пра іншых, выходзячы ў іхных строях на свае парады, як звычайная чалавечая эмпатыя робіцца нікому не патрэбным архаізмам. Караліна Эмке піша пра чысьціню і не-чысьціню, пра расізм і чалавеканенавісьніцтва, пра тое, як каштоўнасьцю робіцца гамагеннасьць і «спрадвечнасьць», якая апраўдвае ўсё.

Нянавісьць заўжды забягае наперад, каб апынуцца ў хвасьце.

З Каралінай Эмке мне ў 2014 годзе давялося выступаць на Эўрапейскай пісьменьніцкай канфэрэнцыі ў Бэрліне — праўда, на розных панэлях. Але мы з жонкай чулі яе выступ, бачылі гэтую прыгожую жанчыну ў белай кашулі і чорным пінжаку, з суворым ротам і кароткай фрызурай, сапраўдную нонканфармістку і адкрытую лесьбіянку. Жанчыну, якая кінула выклік «правай» Нямеччыне, AfD, PEGIDA, Тыла Сарацыну зь ягонымі апакаліптычнымі відзежамі... Усім, хто ўмее і любіць ненавідзець, хто робіць гэта сэнсам свайго існаваньня. Усім, чыя нянавісьць навучылася адчыняць нагой дзьверы дэмакратычных свабодаў. Тым, хто ўжо бачыць сябе пераможцамі. Нянавісьць заўжды забягае наперад, каб апынуцца ў хвасьце.

На той канфэрэнцыі я быў занураны ў свае беларускія думкі і, па шчырасьці, Эмке чытаць не зьбіраўся. Да любога аўтара трэба сасьпець. «Супраць нянавісьці» трапіла да мяне сёлета дзякуючы перакладчыцы Ірыне Герасімовіч (спадзяюся, Ірына яе некалі перакладзе) — і цяпер я пішу пра гэтую аранжавую кніжку так, быццам яна напісаная для нас і пра нас.

Вядома, гэта ня так. Караліна Эмке не ўключае нас у кантэкст эўрапейскай нянавісьці. Ні Беларусь, ні Расею, ні Ўкраіну. Яе цікавіць толькі Заходняя Эўропа і ЗША. Магчыма, яна махнула рукой на тых, у чыіх краінах нянавісьць махае сякерай кожны дзень, магчыма, яна даўно ўжо зразумела, што тут, у нас, гэта ў парадку рэчаў. А можа, яна проста не валодае прадметам і ня хоча пісаць пра тое, чаго ня ведае. Але моц сапраўднай эсэістыкі ў тым, што нават абмежаваная палітычна-культурным кантэкстам, яна ўсё роўна гаворыць пра ўсіх. Бо ўсе мы людзі — і тыя, хто ненавідзіць, і аб’екты нянавісьці, і героі, і ахвяры, і пераможцы, і тыя, хто стаіць у іх на шляху. Нагадваць, што перамога ў прынцыпе немагчымая — нічыя перамога! — доўг ня толькі інтэлектуала, але кожнага прытомнага чалавека.

Так што кніга Караліны Эмке і пра Беларусь таксама. Мяркую, яна б вельмі зьдзівілася, пачуўшы гэта. Хутчэй за ўсё, яна нават не здагадваецца, у якой меры яе кніга пра нас.

Пра нянавісьць, якая гаворыць па-беларуску і па-расейску.

Кніга Караліны Эмке і пра Беларусь таксама.

А мы — мы ведаем, што гэта такое. Нянавісьць жоўтых газэтаў, якія цкуюць, перасьледуюць, крадуць прыватнае, арганізуюць кампаніі нянавісьці, выдаючы іх за сьвецкую хроніку. Нянавісьць, што віруе ў сацсетках. Нянавісьць нацыянальная, моўная: нянавісьць расейскіх шавіністаў і фанатыкаў да ўсяго ўкраінскага і беларускага. Нянавісьць дзяржавы да сваіх грамадзянаў. Нянавісьць да беларускай мовы. Нянавісьць нашых, «родных» беларускіх фанатыкаў да любой праявы іншасьці. Нянавісьць да «лабусаў», «маскалёў», «піндосаў», «фэміністак», «хахлоў», «мусульманаў», «підараў», «ня тых пісьменьнікаў», «анархістаў». Інвалідаў, журналістаў, старых, маладых, адукаваных, багатых, бедных. Да гетэрасэксуалаў — бо ня так пішуць, кажуць, галасуюць, апранаюцца, жывуць, ня з тымі сябруюць, да гомасэксуалаў — бо «прыкідваюцца нармальнымі людзьмі» ды яшчэ «прапагандуюць». Да «непрыгожых», «непасьпяховых», «нездаровых» — як жа лёгка і хутка нянавісьць робіць з такіх няўдаліц «не-людзей». А зь не-людзьмі можна абыходзіцца як хочаш. Яны ж не такія, як мы. Чаму мы мусім цярпець?..

Хунвэйбін. Нічым ня лепшы за Гарашчэню. Вораг. Мудак. Здраднік. Правакатар. Не-чалавек. Проста імя. Я гляджу на ўсьмешлівыя, сымпатычныя твары тых, тых, хто гэта кажа пра мяне, хто так думае, і сьмяюся. Яны і праўда думаюць, што нянавісьць усёпераможная. Яны і праўда лічаць, што маюць права вырашаць, хто тут чалавек. Каму жыць і каму паміраць.

Нянавісьць такая — яна выглядае па-людзку, каб нішчыць тых, хто, на яе думку, ня ёсьць чалавекам.

Нянавісьць цяпер любіць апранацца модна і сучасна.

Караліна Эмке бліскуча дэманструе, як нянавісьць, што любіць карыстацца самымі рознымі «разумнымі» тэорыямі, статыстыкай і «фактамі», насамрэч рэдка здольная патлумачыць свае матывы. Чаму і чым гамагенная культура або нацыя лепш за гетэрагенную, ніхто зь цяперашніх эўрапейскіх ідэолягаў нянавісьці сказаць ня можа. «Патамушта» — здаецца, вось да гэтага зводзіцца іхныя блытаныя, але такія вонкава прыгожыя адказы. Для таго, каб сказаць праўду, яны будуць вымушаныя ўжыць рыторыку нацызму, а гэтага нянавісьць баіцца і ня любіць. Любая — нямецкая, вугорская, беларуская, расейская, польская, француская. Любая. Не. Нянавісьць цяпер любіць апранацца модна і сучасна. Нацысты чамусьці больш за ўсё крыўдуюць, калі іх называюць нацыстамі. Ім падабаецца іншае слова: абаронцы. Збаўцы. Неабыякавыя людзі. Людзі Дзеяньня.

Яны актыўныя. Яны згуртаваныя. У адрозьненьне ад тых, хто хоча застацца прытомным, хто ня хоча прымаць бясплатны наркотык нянавісьці, сякеру і махаць ёй у цёмным пакоі. Трэба дзейнічаць! — кажа нянавісьць. Няважна, хто там, у гэтай цемры. Галоўнае, што там ёсьць ворагі. Там, дзе жыве нянавісьць, адразу паўстаюць шчыльныя рады. Прытомныя і вольныя людзі ня любяць гуртавацца. Баяцца страціць пачуцьцё свабоды.

Вось яна піша пра аўтобус з уцекачамі, які «добрыя, неабыякавыя» грамадзяне заблякавалі на мяжы. Вядома, каб не пусьціць да сябе чужынцаў. Заразу. Пошасьць, ад якой адны хваробы. Тых, хто блякаваў, мала. Некалькі дзясяткаў. Тых, хто назірае, сотні і тысячы. Вось яна піша пра амэрыканскага хлопца, які задыхнуўся ад прыступу астмы, пакуль паліцыянт рабіў яму ўдушальны прыём, бо западозрыў у хлопцы злачынцу. Вось яна піша...

І пішуць ёй. Пагрозы, абразы, папярэджаньні. Я малады чалавек, я яшчэ памятаю, якім было ліставаньне аўтара і чытачоў у мінулым стагодзьдзі. Цяпер яно існуе па-іншаму. Гэта больш не ліставаньне. Гэта вайна на зьнішчэньне. Інтэрнэт даў чытачу зброю масавага паражэньня. Даў яму магчымасьць забіваць, не адыходзячы ад манітору.

Інтэрнэт даў чытачу зброю масавага паражэньня.

Я зайздрошчу Караліне Эмке. Я вось не магу безь нянавісьці думаць і пісаць пра тых, хто нясе сьцягі і сякеры нянавісьці. А яна... Яна не ненавідзіць. Нянавісьць нявартая філёзафа і разбуральная для чалавека. Колькі ж стагодзьдзяў спатрэбілася чалавецтву, каб гэта зразумець, прыняць і зноў адпрэчыць. Яна кажа: наша зброя супраць нянавісьці сьвету — гэта казаць пра яе, аналізаваць і дасьледаваць. Паказваць, што нянавісьць не ўзьнікае проста так, што ў яе заўжды ёсьць матывы і прычыны. Але што яшчэ больш вусьцішна: у кожнай нянавісьці ёсьць замоўнікі, саўдзельнікі і спонсары. Канкрэтныя арганізацыі, рухі, людзі. За нянавісьцю заўжды стаяць ідэі і імёны. Называць іх, прэпараваць і дэманстраваць — значыць, пазбаўляць нянавісьць сілы.

Але ніхто не абавязаны быць героем.

І ніхто не абавязаны пісаць кнігі.

Калі літаратура нешта мусіць — дык гэта казаць тое, што іншыя людзі баяцца або ня могуць прамовіць.

Караліне Эмке ўдалося напісаць кнігу для любога, хто яшчэ лічыць сябе чалавекам. Нягледзячы на тое, што ў ёй хапае філязофіі, мова ў яе простая і кожны, хто валодае нямецкай, прачытаў бы яе за два дні. Эмке пісала яе для кожнага. Яна становіцца на абарону дэмакратыі, культуры і разнастайнасьці так, нібы гэта іх апошні дзень. Перабольшаньне? Магчыма. Але мы жывем тут і цяпер. Мы ўсе карыстальнікі інтэрнэту, чытачы навінаў, жыхары сацсетак. Мы жывем у нянавісьці — мы маем у ёй свае акаўнты.

Мы жывем у нянавісьці – мы маем у ёй свае акаўнты.

Для любой нянавісьці Эмке знаходзіць цытаты з тых тэкстаў, якія нянавісьць чамусьці лічыць сваімі. Рэлігійных, мастацкіх, палітычных, з самых «спрадвечных» і «чыстых» тэкстаў. Высьвятляецца, што ўсё ня так проста, як нас хочуць пераканаць. Што і кніга Эмке няпростая. Што наогул няма нічога простага — а той, хто вядзе масы за сабою, абяцаючы ім простыя адказы і збавеньне, усяго толькі злосны і хцівы махляр.

І сякера выпадае ў нянавісьці з рук.

Нянавісьць старая, ёй трэба нахіліцца, каб падабраць сваю зброю. І гэта дае нам перадышку. Дае крыху часу. Дае шанец, што яна не дацягнецца — да сякеры, да нас, да таго, што мы любім і цэнім: годнасьці, сумневу, свабоды, роўнасьці, творчасьці. Да нашай Эўропы, якую прыдумалі памерлыя літаратары і мастакі, а захоўваць давядзецца нам. Хочам мы гэтага ці не.