1. Перадачы прымаюць ад блізкіх сваякоў вязьня: ад бацькоў, братоў-сёстраў, бабуляў-дзядуляў. У іншых выпадках пішацца заява, якая асобна разглядаецца кіраўніцтвам ізалятара.
2. Вага перадачы — да 5 кіляў. Наступную вагой да 5 кіляў можна перадаваць толькі праз 3 дні. Калі перададзеная перадача лягчэйшая за 5 кг, то вагу, якую ня выкарысталі, да заканчэньня трохдзённага тэрміну кампэнсаваць не дазваляюць.
3. Склад перадачы. У 5 кіляў уваходзяць ня толькі харчы, але і кнігі, газэты ці адзежа. З харчоў прымаюць хлеб, печыва, сухафрукты, сала, сыравэнджаную каўбасу, цукеркі (але без начынкі). Таксама пітную ваду, сокі ў празрыстай бутэльцы. Малочных вырабаў не прымаюць.
4. Час прыёму перадач: з 10 раніцы да 13 ва ўсе дні, уключна з выходнымі і сьвяточнымі.
15 сакавіка пасьля «Маршу недармаедаў» у Менску затрымалі і на наступны дзень асудзілі да адміністрацыйнага арышту больш за 50 чалавек. Яны атрымалі тэрміны ад 12 да 15 дзён.
20 сакавіка, паводле праваабаронцаў «Вясны», у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў адмовіліся прымаць заявы ад наведнікаў, якія не былі блізкімі сваякамі затрыманых, але жадалі перадаць ім перадачы. Начальнік ЦІП Іван Сакалоўскі патлумачыў БелаПАН спыненьне прыёму заяваў не ад сваякоў затрыманых тым, што «ў нас яны ўсім забясьпечаныя».