Жыхар Пінску, 77-гадовы Мікалай Крычко ў жывым эфіры відэатрансьляцыі Свабоды зь Пінску расказаў, чаму ён выйшаў на акцыю «недармаедаў» 11 сакавіка:
«Я 14 гадоў хаджу на адной назе, не магу купіць пратэза. 6 мільёнаў каштаваў раней, затым стаў 10 мільёнаў, потым яшчэ больш. Не магу сабраць. Пэнсія ў мяне маленькая».
Крычко мае ад дзяржавы пратэз, але карыстацца ім ня можа. Прылада, якую яму выдалі ў цэнтры сацабслугоўваньня, вельмі грувасткая і цяжкая. Мікалай Трафімавіч скардзіцца, што зь ёй практычна нельга хадзіць.
Праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка адшукаў Мікалая Крычка і дапамог стварыць рахунак, на які неабыякавыя могуць ахвяраваць грошы на пратэз. Цана пратэза будзе вядомая неўзабаве: Крычко ідзе ў РНПЦ трансплянтацыі органаў і тканак, каб даведацца дакладны кошт ізраільскага або нямецкага пратэза нагі, які падыдзе яму. Судаленка абяцае паведаміць пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook.
Пакуль жа Судаленка паведамляе рэквізыты, па якіх можна ахвяраваць грошы Мікалаю Крычку:
ААТ «АСБ Беларусбанк», аддзяленьне № 121/134 у Пінску, р/р 000092 (дабрачынны рахунак), атрымальнік — Крычко Мікалай Трафімавіч.