Засуджаны блогер Сяргей Пятрухін: «Я ў апазыцыі да зладзеяў і карупцыянэраў»

Сяргей Пятрухін

Берасьцейскі блогер Сяргей Пятрухін, які быў завочна асуджаны да 15 сутак арышту, знаходзіцца ў Польшчы. Ён праходзіць журналісцкую практыку, працягвае публікаваць свае відэасюжэты ды рыхтуецца вярнуцца ў Беларусь і адседзець прысуджаны тэрмін.

14 сакавіка Ленінскі суд Берасьця прысудзіў па 15 сутак арышту блогерам Сяргею Пятрухіну і Дзьмітрыю Гарбунову. Сяргей на другое паседжаньне суду не зьявіўся, бо зьехаў у Польшчу.

Некаторыя падпісчыкі Сяргея ў сацыяльных сетках, ня ведаючы, што ён знаходзіцца ў Польшчы, пішуць яму камэнтары, хто гэта, маўляў, посьціць ад яго імя, калі ён асуджаны да арышту.

У інтэрвію Свабодзе Сяргей Пятрухін расказаў аб сэрыі відэасюжэтаў пра міліцыянтаў, якія ён цяпер публікуе, ды аб сваіх далейшых плянах.

— Чаму асноўнымі героямі вашых відэасюжэтаў апошнім часам сталі міліцыянты?

— Гэта такая спантанная выйшла сэрыя сюжэтаў «Казьліныя гісторыі дэкрэту № 3». Проста мы зь Дзьмітрыем Гарбуновым шмат наздымалі апошнім часам пра міліцыянтаў. Гэта трэба рабіць, каб тыя, хто кіруе імі, бачылі, што народ міліцыяй вельмі незадаволены, што міліцыя не народная, ня служыць народу. Гэтыя ціхары ўвогуле немаведама што. Я так разумею, што ад іх можна адбівацца: у іх няма бэджа, формы, нічога.

Сёньня адбываецца міліцэйскае бясчынства. Калі мяне затрымалі, я шмат разоў патрабаваў адваката. Мне адмаўлялі — маўляў, пратакол не складаюць, зараз адпусьцяць. Урэшце пакідаюць у ізалятары да суду.

Усе міліцыянты, якія са мной размаўлялі, папракалі мяне, што я, маўляў, апазыцыянэр. З чаго яны гэта ўзялі? Я не зьяўляюся сябрам ніякіх апазыцыйных партыяў. Я ў апазыцыі толькі да зладзеяў і карупцыянэраў. Гэта яны знарок у вачах простых грамадзян спрабуюць зь мяне зрабіць нейкага страшнага апазыцыянэра.

Блогеры Сяргей Пятрухін (зьлева) і Дзьмітрый Гарбуноў

— Вы думаеце, што вашыя відэа могуць паўплываць, каб міліцыянты меней ужывалі незаконных мэтадаў?

— Я думаю, што гэта можа быць. Тыя, хто яшчэ не запляміўся ў палітычных справах, магчыма, яшчэ падумаюць. Я не раблю нічога супрацьзаконнага, а яны робяць, і яны пра гэта ведаюць. Мая мэта іх ня тое што спыніць, а хаця б прымусіць задумацца. Ня толькі я фіксаваў, але шмат фіксавалі і людзі. Міліцыянты павінны ведаць, што нічога ня пройдзе так, як яны прывыклі. Яны трымаюцца такога пляну — «я добры чалавек, толькі не паказвайце, што я раблю на працы». Ім ёсьць чаго саромецца. Участковыя — гэта такія міліцэйскія «пчолкі», сярод іх шмат добрых людзей. Іх змушаюць рабіць палітычныя справы. Але ж у кожнага ёсьць свой выбар.

Проста хочацца зьвярнуць увагу людзей на саміх міліцыянтаў — на што іх штурхаюць... Гэта ж не начальства людзей хапае, таму «крайнімі» будуць звычайныя міліцыянты. Яны ж ілжэсьведчаць. Яны ж Дзьмітрыя (Гарбунова — РС) пасадзілі, хаця ў яго было рэдакцыйнае заданьне ад «Брестской газеты». Ён выконваў журналісцкую працу і ўвогуле не парушаў закону. А на яго нагаварылі, нахлусілі... І гэта ўсё робяць участковыя інспэктары.

— Ваш ад’езд у Польшчу перад прысудам 15 сутак арышту — гэта такі жэст пратэсту? Бо адседзець усё роўна ж давядзецца.

— Адсяджу, што ж я, не сядзеў? Я маю вялікі досьвед у гэтых справах (сьмяецца). Некалі ў войску пасадзілі на тры дні, а сядзеў месяц.

Я ведаю, што папсаваў іх пляны. Бо ім было б добра, каб мы зь Дзьмітрыем сядзелі гэты час, калі адбываюцца пратэсты. Каб было цішэй. Але ня бачу сэнсу сядзець разам з усімі цяпер. Потым прыеду, пасяджу, калі іншыя павыходзяць і будуць ужо мяне падтрымліваць.

Яшчэ адна прычына майго ад’езду — гэта тое, што я яго ўжо даўно заплянаваў. У мяне было заплянаванае журналісцкае стажаваньне ў Польшчы якраз у гэты час. Проста яно супала з прысудам.

Вярнуся ў сярэдзіне красавіка, дык няхай садзяць.

— Як вашыя падпісчыкі адрэагавалі на ваш ад’езд? Бо ў некаторых камэнтарах на вашым «Фэйсбуку» людзі дзівіліся, хто гэта працягвае выкладаць пасты ад вашага імя, калі вы, маўляў, знаходзіцеся на сутках.

— Людзі вельмі радуюцца, як быццам я нешта такое зрабіў і мне ўдалося пазьбегнуць адказнасьці. Адны кажуць, што я ўцёк, іншыя раяць не вяртацца. Але я ж нават напярэдадні напісаў электронную заяву ў суд, што мяне ня будзе. Куды можна ўцячы з падводнай лодкі? Я і не ўцякаю. Як той казаў, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Тым больш у мяне яшчэ вельмі шмат спраў, новых карупцыйных тэмаў.

— Па чым ужо сумуеце ў Польшчы?

— Сумую, безумоўна, — у мяне ж сын, жонка. Польшча хоць і добрая краіна, але яна не мая. Я б тут жыць ня змог.

***

Сяргей Пятрухін — вядомы на Берасьцейшчыне блогер. Разам са сваім апэратарам Дзьмітрыем Гарбуновым стварыў на Youtube канал «Народны рэпартэр», які стаў папулярны дзякуючы расьсьледаваньням праяў карупцыі. Калі выйшаў закон аб узнагароджаньні да 50 базавых велічыняў звычайным грамадзянам, якія выкрываюць карупцыю, Пятрухін зьвярнуўся да ўладаў па гэтую ўзнагароду, аднак яго праігнаравалі.

Сяргей іранізуе, што «тут нават не ў грошах справа, няхай бы хоць грамату якую далі за барацьбу з карупцыяй».

Да сваёй блогерскай дзейнасьці Сяргей Пятрухін быў акторам берасьцейскага тэатру.