Амаль 1500 чалавек за суткі падпісаліся пад заклікам да МВФ не даваць грошай цяперашняму кіраўніцтву Беларусі

Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з прадстаўнікамі МВФ (архіўнае фота)

На сайце Change.org за суткі амаль паўтары тысячы чалавек падпісалі пэтыцыю з заклікам спыніць усе перамовы (у тым ліку кансультацыі) паміж Міжнародным валютным фондам і кіраўніцтвам Беларусі да таго часу, пакуль ня будуць вызваленыя усе затрыманыя мірныя дэманстранты.

Падпісанты пэтыцыі таксама патрабуюць ад МВФ не даваць фінансавай дапамогі Беларусі, пакуль цяперашняе кiраўнiцтва Беларусі застаецца ва ўладзе.

«Тысячы людзей выйшлі зь мірнымі негвалтоўнымі пратэстамі супраць падатку на беспрацоўных... — гаворыцца ў пэтыцыі. — Кіраўніцтва краіны адказала дзясяткамі (колькасьць пастаянна расьце) неправамерных арыштаў і судоў са шматлікімі парушэньнямі судовых працэдур. Дзесяткі законапаслухмяных грамадзян затрыманыя. У той жа самы час Міжнародны валютны фонд працягвае перамовы з кіраўніцтвам Беларусі па прадастаўленьні новага крэдыту.

Mы, ніжэйпадпісаныя, патрабуем спыніць усе перамовы (у тым ліку кансультацыі) паміж Міжнародным валютным фондам і кіраўніцтвам Беларусі да таго часу, пакуль ня будуць вызваленыя усе затрыманыя мірныя дэманстранты

Мы патрабуем ад МВФ не даваць фінансавай дапамогі Беларусі, пакуль цяперашняе кiраўнiцтва застаецца ва ўладзе».