У Мазыры мясцовыя міліцыянты затрымалі чатырох пратэстоўцаў, якія сёньня, 18 сакавіка, выйшлі на плошчу Леніна.
«Сядзім у раённым аддзеле, чакаем. Будуць, пэўна, апытваць, пратакол складаць. Пакуль незразумела», — тлумачыць Алег Шаўко, адзін з затрыманых.
35-гадовы мужчына паводле прафэсіі падрыўнік. Працаваў у нафтаздабыўной галіне. Паўтара года бяз працы.
«Я таму і выйшаў на плошчу, што няма з чаго жыць. Набалела, хацеў выказацца», — кажа Шаўко.
У міліцыі таксама знаходзяцца беспрацоўныя Аляксандар Барысенка і Аляксандар Трошка, а таксама жанчына сярэдняга веку, якую называюць Нона.
Як паведамлялася, 18 сакавіка, нягледзячы на дождж і мокры сьнег, у Мазыры на плошчу Леніна выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, каб выказаць незадавальненьне «дармаедзкім» дэкрэтам № 3, эканамічнай сытуацыяй у горадзе і краіне.