Пра гэта агенцтву «РИА Новости» паведаміла крыніца ў праваахоўных органах Расеі.
Раней стала вядома, што Баранчыка адпусьцілі, бо суд адмовіўся яго арыштоўваць. Галоўны рэдактар агенцтва Regnum паведаміў, штоБаранчык падаў хадайніцтва аб прадстаўленьні палітычнага прытулку, аднак у Крамлі заявілі, што такіх запытаў не атрымлівалі.
«Нягледзячы на тое, што суд адмовіўся арыштоўваць Баранчыка, Рэспубліка Беларусь накіравала запыт на яго вышук і затрыманьне паводле абвінавачваньня ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Між праваахоўнымі структурамі дзьвюх краін існуе дамоўленасьць, узгодненая на самых высокіх узроўнях, пра прававую дапамогу, якая прадугледжвае выдачу абвешчаных у вышук асоб. Па-сутнасьці, на тэрыторыі Расеі чалавек, пра якога вы кажаце, знаходзіцца ў рамках адзінага прававога поля. Значыць, у рамках гэтай дамоўленасьці ён павінен быць суправоджаны і перададзены Беларусі», — цытуе сваю крыніцу агенцтва «РИА Новости».
Паводле крыніцы, ня выключана, што працэдура экстрадыцыі можа пачацца ў бліжэйшы час. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі яшчэ некалькі крыніц у сілавых структурах.
Сьледчы камітэт Беларусі на афіцыйным сайце паведаміў, што Баранчыка затрымалі на запыт беларускага боку ў справе аб распальваньні варожасьці, у межах якой летась былі арыштаваныя тры аўтары Regnum.
Апошняй на сёньня публікацыяй Баранчыка на Regnum быў артыкул пад загалоўкам «Групоўка Макея пачала кампанію застрашэньня Лукашэнкі», дзе аўтар заяўляе, нібыта міністар замежных справаў Беларусі гатовы заняць пасаду прэзыдэнта, а «прапагандысты Макея прапануюць Лукашэнку пайсьці шляхам Януковіча».
Калегі Баранчыка — выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Юры Паўлавец, школьны вартаўнік Дзьмітры Алімкін і рэдактар часопісу «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка — былі затрыманыя на пачатку сьнежня летась. Ім выставілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Па гэтым артыкуле ім пагражае штраф, альбо да шасьці месяцаў арышту, альбо абмежаваньне ці пазбаўленьне волі тэрмінам да пяці гадоў.