Памёр ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Дэрэк Ўолкат

Дэрэк Ўолкат

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры, карыбскі паэт і драматург Дэрэк Ўолкат памёр ва ўзросьце 87 гадоў.

Як паведаміла сям’я паэта, ён памёр у сябе дома на востраве Сэнт-Люсія.

Ўолкат атрымаў Нобэлеўскую прэмію за літаратуру ў 1992 годзе ва ўзросьце 62 гадоў, пасьля таго як на працягу многіх гадоў трапляў ў шорт-ліст узнагароды.

Ён лічыцца адным з найвялікшых аўтараў другой паловы ХХ стагодзьдзя.

Сябар Ўолката Іосіф Бродзкі пісаў пра творчасьць паэта: «мэтрычная і жанравая яго разнастайнасьць у мяне проста выклікае зайздрасьць... Яго вершы — гэта сплаў мовы і акіяну».

На беларускай мове ў часопісе «Паміж» друкавалася эсэ Дэрэка Ўолката «Муза гісторыі» (пераклала Ганна Пазюк).