Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёньня на сустрэчы са старшынём Мажылісу (парлямэнту) Казахстану Нурланам Нігматуліным, перадае БЕЛТА.
«Вельмі часта назіраю, аналізую, спрабую вывучыць досьвед дзейнасьці (асабліва апошніх месяцаў) вашых найвышэйшых органаў улады, перш за ўсё прэзыдэнта. Нам гэты досьвед вельмі карысны, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Парлямэнт Казахстану зацьвердзіў зьмены ў канстытуцыі, якія прадугледжваюць згортваньне часткі прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і іх пераразьмеркаваньне паміж чыноўнікамі і заканадаўцамі.
Ухваленыя 6 сакавіка зьмены стануць законам, калі гэты дакумэнт падпіша прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў, зь ініцыятывы якога і пачаўся перагляд асобных палажэньняў канстытуцыі.
76-гадовы Назарбаеў ёсьць адзіным лідэрам камуністычнай эпохі, які ўсё яшчэ трымае ўладу ў былой савецкай рэспубліцы.
Перадача некаторых паўнамоцтваў прэзыдэнта дазволіць палітычнай эліце Казахстану пераразьмеркаваць паўнамоцтвы паміж рознымі фігурамі, не дазваляючы аднаму спадчыньніку сканцэнтраваць уладу ў сваіх руках.
Пасьля абвяшчэньня 26 студзеня плянаў канстытуцыйных зьменаў Назарбаеў заявіў, што прэзыдэнт пасьля зацьвярджэньня гэтых прапановаў стане «вярхоўным арбітрам».
Экспэрты мяркуюць, што перад выхадам на пэнсію Назарбаеў хоча пазьбегнуць вайны за спадчыну. Перадача некаторых прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў ураду і парлямэнту аблегчыць трансфармацыю палітычнай эліты, так як разьмеркаваньне роляў сярод розных гульцоў, не дазволіць засяродзіць уладу ў адных руках — пераемніка прэзыдэнта, — піша Reuters.
Паводле Лукашэнкі, само зьмяненьне Канстытуцыі і перадача паўнамоцтваў ад прэзыдэнта, напрыклад, ураду, як гэта адбываецца ў некаторых краінах, можа часам выклікаць незадаволенасьць людзей. «А калі людзям кажуць, у імя чаго гэта робіцца, і падмацоўваюць канкрэтнымі фактамі і задачамі на пэрспэктыву — гэта зусім іншае. Вось гэтае іншае якраз характэрна для вас. І вы малайцы, што ў гэты складаны для ўсіх час захоўваеце адзінства краіны», — сказаў Лукашэнка
Беларусі цікавы досьвед дзяржаўных пераўтварэньняў у Казахстане.