«Пратэстуючы супраць антынароднай улады, якая праводзіць на ўказ галоўнакамандуючага незаконныя рэпрэсіі ды арышты да 15 сутак найлепшых людзей Беларусі, я, дзед 70 гадоў, Гайдукевіч Уладзімер Максімавіч, з 13 сакавіка абвяшчаю галадоўку на 15 сутак. г. Бабруйск».
Гэткі ліст прыйшоў на пошту Свабоды, і мы накіраваліся да аўтара.
Патрэбны дом у раёне прыватнай забудовы на ўскрайку Бабруйску відаць здалёк, бо каменны й трохпавярховы, з бальконам і камэрамі назіраньня. Уладзімер Максімавіч пабудаваў гэты дом сваімі рукамі, на гэта й пайшло 15 гадоў. Былы музыкант, на пэнсіі рамесьнік, жонка — індывідуальная прадпрымальніца. Спадар Уладзімер асабіста не пацярпеў ад «дармаедзкага» дэкрэту.
«Але я, як сумленны чалавек, не люблю, калі выдаюць дурацкія ўказы, — тлумачыць спадар Уладзімер. — Напрыклад, чалавеку 55 гадоў: пэнсію яшчэ не даюць, на працу ўжо не бяруць, а можа, і здароўя ўжо няма. Бо лекі й лекары ў нас самі хворыя, іх і не вучылі лячыць. І даглядаюць яго дзеці. Чаму ён вінен яшчэ камусьці плаціць, каб за гэтыя грошы ўтрымлівалі, напрыклад, 100 тысяч міліцыі? А навошта нам столькі міліцыі — яна ж нічога ня робіць. Яны толькі ўмеюць злавіць чалавека, які выступае супраць гэтых дурных законаў, ды скласьці на яго пратакол, быццам ён лаяўся матам. Асудзілі Рымашэўскага, Лябедзьку, Севярынца, і ў Бабруйску людзей таксама. І я ў знак іх падтрымкі абвясьціў галадоўку».
Галадае спадар Уладзімер з 12 сакавіка і ўпэўнены, што пратрымаецца ўсе 15 сутак. І праз свой паважны ўзрост не перажывае, бо мае досьвед лячэбных галаданьняў. Карыснымі парадамі ён проста падчас інтэрвію падзяліўся праз тэлефон з маці Максіма Буйніцкага, які трымае галадоўку за кратамі.
«І тым хлопцам, якія сядзяць на нарах ды ядуць тую баланду, лепш пагаладаць, чым ўсялякую гадасьць есьці».
Як потым стала вядома, што прыкладна ў той час, калі Ўладзімер Гайдукевіч казаў гэтыя словы, Яўген Васьковіч таксама аб’явіў галадоўку.
Спадар Гайдукевіч ня першы раз выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю. Шмат разоў ён пісаў гарадзкім уладам пра жахлівы стан дарог, прыкладаючы фотаздымкі, і ў адказ на чарговыя адпіскі і быццам бы зроблены рамонт ішоў фатаграфаваць і пісаць скаргі зноў.
«Бабруйск цяпер — культурная сталіца. А якая ж гэта культура, калі па калена ў гразі?»
Быў спадар Уладзімер назіральнікам на выбарах — і прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх. Дамогся, каб пакой са скрыняй на ноч апячатвалі, а міліцыянт сядзеў звонку, а не ўнутры з адчыненым праходам. І зьняў відэа, як чальцы камісіі на ўчастку ў бабруйскай школе № 11 укідвалі бюлетэні ды хрысьцілі скрыню.
«Калі неразумныя людзі ў нас ва ўладзе, ніякага дабрабыту й парадку ня будзе. У міліцыю ідуць тыя людзі, якія больш нікуды пайсьці ня могуць, бо годны чалавек са сваім народам змагацца ня будзе. І ў чыноўнікі ідуць тыя, хто нічога больш ня ўмее, як хвост лізаць начальніку. І ліжуць. А я змагаюся».
Гайдукевіч кажа, што нічога ў свае 70 гадоў не баіцца. І не таму, што ўжо пажыў, а таму, што моцны гаспадар, які зрабіў і працягвае рабіць усё сваімі рукамі. Пабудаваў хату, вырасьціў арэхавае дрэва, зьбірае добры ўраджай на агародзе. Праз спадарожнікавае тэлебачаньне ды інтэрнэт заўсёды ў курсе і навінак гаспадаркі, і навін палітыкі, слухае Свабоду з прымача — гэта ўжо прывычка.
«Пэнсію ў мяне не забяруць. Але я й так, пакуль быў рамесьнікам, нарабіў шмат «дзіва-рыдлёвак», цяпер прадаю запасы. І ў майстэрні сваёй раз-пораз што-небудзь раблю».
На разьвітаньне спадар Уладзімер сыграў на японскім электрычным баяне беларускую падыспань ды перадаў вітаньні вязьням змаганьня за разумныя законы й законапаслухмяную ўладу. Галадоўка ў яго сканчаецца ў тыя ж дні, калі і тэрміны зьняволеньня Максіма Буйніцкага ды Яўгена Васьковіча, і калі на выхадзе з галадоўкі будуць сілы, Гайдукевіч прыйдзе вітаць іхны выхад на свабоду.