Паводле актывіста Віктара Марчыка, да яго пачалі тэлефанаваць рабочыя, якія працуюць у структуры ЖКГ, і паведамляюць, што начальства іх папярэдзіла, каб не хадзілі ні на якія мітынгі, бо інакш могуць страціць працу.
— З аднаго боку, улады як бы настроеныя пачуць, што скажуць ім людзі, патлумачыць сытуацыю, адказаць на пытаньні. А з другога боку, людзей палохаюць, каб яны не прыходзілі на мітынг.
Актывіст Міхал Сошка таксама паведаміў Свабодзе, што да яго зьвярталіся студэнты і таксама казалі, што іх папярэджвалі пра тое, каб яны ня бралі ўдзелу ў мітынгу.
На пачатку тыдня ў райвыканкам выклікалі для размовы актывістаў Віктара Марчыка і Алеся Масюка. Намесьніца старшыні райвыканкаму Кацярына Руткоўская прасіла іх, каб яны вялі людзей ў залю райвыканкаму, а не зьбіраліся на плошчы. Тыя ў сваю чаргу адказалі, што гэта вырашаць толькі самі людзі, а яны не зьяўляюцца арганізатарамі гэтае акцыі.
У аб’явах, у якіх слонімцы запрашаюцца на плошчу, гаворыцца, што за апошнія гады ў горадзе закрыўся шэраг прадпрыемстваў: аўтарамонтны завод, «Тэкстыльнік», «Пух-пяро», «Сельгастэхніка», іншыя прадпрыемствы істотна скарачаюць супрацоўнікаў.
«За 20 гадоў у Слоніме не пабудавалі ніводнага новага прадпрыемства. Затое пабудавалі пракуратуру, міліцыю, суд, біржу працы, крамы», — пішуць аўтары заявы. Паводле іх, «працы няма, заробкі малыя, а цэны стала растуць, пры гэтым улады ўводзяць усё новыя і новыя падаткі».