У Мазыры людзі сказалі «Не дамо!» — і перамаглі

Тэрыторыя змаганьня

У Мазыры жыхары чатырох шматпавярховікаў на вуліцах Пралетарскай, Няжнова, завулку Першамайскім, якія выступілі супраць будоўлі ў іх супольным двары новага 40-кватэрнага жылога дома на адзінаццаць паверхаў, перамаглі. Узводзіць яшчэ адзін гмах у двары ня будуць — для яго знойдзена іншая пляцоўка.

«Пра гэта нам абвясьціла сёньня старшыня райвыканкаму Алена Паўлечка, — кажа ўдзельнік паходу ў выканкам, мясцовы жыхар Мікалай Плюсьнін. — Толькі што вярнуліся і з радасьцю разьбіраем дашчаны плот, якім абгароджана будаўнічая пляцоўка».

Процістаяньне доўжылася больш як чатыры месяцы. Абураныя гараджане спачатку не давалі будаўнікам гарадзіць дашчаны плот, потым заварочвалі камунальнікаў, каб тыя не сьпілавалі пасаджаныя ў дворыку дрэвы. А калі тыя праз хітрыкі ўсё ж зрэзалі пару дзясяткаў дрэваў, гараджане выставілі свой пост, ці, лепей сказаць, народны дазор — не пускалі нікога ўсярэдзіну абгароджанай тэрыторыі, нават клаліся пад колы грузавіка. Дзяжурства працягвалася ўсю зіму. Стаялі па чарзе нават у моцныя маразы. Адначасова дэлегацыі з вуліцы Пралетарскай езьдзілі з пратэстнымі лістамі і дакумэнтамі, якія сьведчылі пра хібы ў архітэктурнай прывязцы дома, у Гомельскі аблвыканкам, Адміністрацыю прэзыдэнта.

Напісаныя шматлікія скаргі ў мясцовы райвыканкам, профільнае міністэрства, пракуратуру, ня кажучы ўжо пра драбнейшыя ўстановы, якія адказваюць за архітэктуру і будаўніцтва.

Разам — супраць будаўніцтва

«Колькі адпісак, пустапарожніх абяцаньняў мы атрымалі — не зьлічыць. Во ўжо сыстэма адбудавана: дармаед на дармаедзе сядзіць і дармаедам паганяе, а звычайныя людзі пакутуюць», — кажуць мазырчукі.

Пралетарская вуліца ў Мазыры — даволі ажыўленая транспартная артэрыя. Яна вядзе ў бок аўтавакзалу і дае шмат выкідаў аўтамабільных газаў. Побач — швейная фабрыка і завод «Мазыркабэль». Экалёгія і без таго ня лепшая. Аднак мясцовыя архітэктары й будаўнікі ДБК са згоды папярэдняга кіраўніцтва райвыканкаму вырашылі сьпілаваць адзіны на ўсю акругу невялікі сквэрык і «пасадзіць» замест яго аднапад’ездны шматпавярховік. На скаргі жыхароў слалі адпіскі такога зьместу: разьмяшчэньне новага 40-кватэрнага дома «не парушае будаўнічых нормаў, інсаляцыю і натуральнае асьвятленьне суседніх дамоў. Адлегласьць ад запраектаванага дома да існуючых шматкватэрных жылых дамоў складае ад 12 да 40 мэтраў. Праект будаўніцтва мае станоўчае заключэньне дзяржбудэкспэртызы Гомельскай вобласьці».

«Нас тут наагул хацелі сутыкнуць ілбамі, — тлумачыць мясцовы жыхар Аляксандар. — Празь мясцовыя мэдыі ўлады выстаўлялі нас праціўнікамі людзей, якія павінны займець кватэры ў новым доме, а мы нібыта перашкаджаем. Быццам бʼёмся мы за пустку, а не за дзіцячую пляцоўку, за адзінае месца адпачынку для чатырох дамоў. Бо „саракоўнік“ насуперак генпляну разьвіцьця хацелі паставіць па-іншаму, у цэнтры нашага дворыка».

18 сакавіка жыхары вуліц Пралетарскай, Няжнова, завулку Першамайскага ладзяць суботнік, каб прыбраць у двары.