Фізыкі Лівэрморскай нацыянальнай лябараторыі імя Лоўрэнса, якая на заказ Міністэрства энэргетыкі ЗША некалькі дзесяцігодзьдзяў распрацоўвала ядзерную зброю, абнародавалі ўнікальныя кадры атамных выпрабаваньняў сямідзесяцігадовай даўніны.
З 1945 па 1962 год лябараторыя правяла 210 кантраляваных ядзерных выбухаў у атмасфэры. Кожны быў зафіксаваны максымальна падрабязна пры дапамозе камэры, якая здымала 2400 кадраў за сэкунду, гэта значыць у сто разоў хутчэй, чым звычайная.
10000 дакумэнтальных фільмаў, на якіх раскрываюцца «ядзерныя грыбы» некалькі дзясяткаў гадоў захоўваліся ў архівах Лівэрморскай лябараторыі пад грыфам «цалкам сакрэтна».
Паступова яны пачалі псавацца, а малюнак на іх — расплывацца і абсыпацца. «Калі адчыняеш скрынку са стужкай і адчуваеш, што яна пахне воцатам — гэта значыць, што пачаўся працэс разлажэньня», — распавядае адзін зь фізыкаў, які займаўся апрацоўкай архіву.
Дасьледчыкі змаглі выявіць, дзе і калі былі зьнятыя 6500 стужак (тыя, хто займаўся іх апрацоўкай, кажуць, што многія матэрыялы былі пераблытаныя). Цяпер ідзе рэстаўрацыя і аблічбоўка тых відэа, якія ўдалося ідэнтыфікаваць. На дадзены момант каля 4200 стужак ужо адсканаваныя, а з 750 удалося зьняць грыф «сакрэтна».
На гэтым відэа зьняты выбух, праведзены ў рамках сэрыі выпрабаваньняў Hardtack I на Ціхаакіянскім выпрабавальным палігоне. У гэтай сэрыі ў красавіку-жніўні 1958 году было праведзена 35 ядзерных выпрабаваньняў.