Што стаіць за арыштам шэф-рэдактара агенцтва Regnum Юрыя Баранчыка?

Юры Баранчык, шэф-рэдактар парталу “Рэгнум”.

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Антон Трафімовіч.

Глод: Маскоўская паліцыя ўначы 15 сакавіка затрымала шэф-рэдактара сайта Regnum Юрыя Баранчыка. Ён грамадзянін Беларусі, але апошнім часам жыве і працуе ў Маскве. ТАСС паведаміў, што вырашаецца пытаньне аб яго выдачы Беларусі. А Сьледчы камітэт Беларусі праінфармаваў, што Баранчыка затрымалі на запыт беларускага боку па справе аб распальваньні варожасьці.

Апошняя на сёньня публікацыя Баранчыка на Regnum — артыкул пад загалоўкам «Групоўка Макея пачала кампанію застрашваньня Лукашэнкі». Аўтар заяўляе, нібы міністар замежных спраў Беларусі гатовы заняць пасаду прэзыдэнта, а «прапагандысты Макея прапануюць Лукашэнку пайсьці шляхам Януковіча».

Раней у Беларусі затрымлівалі трох аўтараў Regnum. Усе яны грамадзяне Беларусі, жылі і працавалі ў Беларусі. Яны таксама пісалі артыкулы, якія распальвалі варожасьць. Сьледчы камітэт заяўляў, што замоўцам гэтых артыкулаў быў Баранчык. Пры гэтым старшыня Сьледчага камітэту запэўніваў, што «крымінальныя справы супраць аўтараў Regnum не зьвязаныя з палітыкай».

Расейскія ўлады, нагадаю, не пратэставалі супраць арышту трох аўтараў. Здаецца, няма падставаў пратэставаць і цяпер. Тым больш, Баранчык — грамадзянін Беларусі, а не Расеі

Сёньня стала вядома, што Баранчык папрасіў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна даць яму палітычны прытулак у Расеі. Паводле адваката Баранчыка, гэта азначае, што кампэтэнтным органам Расейскай Фэдэрацыі трэба будзе разам з рашэньнем пытаньня аб экстрадыцыі Баранчыка ў Беларусь вырашыць пытаньне па сутнасьці гэтага хадайніцтва.

Расейскія ўлады, нагадаю, не пратэставалі супраць арышту трох аўтараў. Здаецца, няма падставаў пратэставаць і цяпер. Тым больш, Баранчык — грамадзянін Беларусі, а не Расеі. Дарэчы, пасьля арышту трох саўдзельнікаў Баранчыка амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў адхрысьціўся ад іх. Ня думаю, што расейскія органы, якія затрымлівалі шэф-рэдактара, не ўзгаднілі папярэдне свае дзеяньні з крамлёўскай адміністрацыяй.

Мне падаецца, што ў Маскве некаторыя высокія асобы якраз і былі зацікаўленыя ў арышце Баранчыка. Але не таму, што яны выступаюць за падтрымку сувэрэннай Беларусі. Так званая справа шэф-рэдактара можа спатрэбіцца Крамлю ў сваіх карысьлівых мэтах. Беларускі палітоляг Андрэй Паротнікаў лічыць, што Крэмль зможа выкарыстаць затрыманьне і магчымы арышт Баранчыка ў Беларусі, калі, напрыклад, спатрэбіцца дэзавуяваць статус Беларусі як асноўнага стратэгічнага партнэра Расеі і Аляксандра Лукашэнку як найбольш папулярнага замежнага палітыка ў Расеі.

Я хачу зьвярнуць вашу ўвагу, калегі, на тое, што першыя арышты аўтараў агенцтва Regnum адбыліся ў тыя дні, калі ў Казахстане праходзілі падобныя працэсы з прарасейскімі актывістамі. Тады Масква фактычна не рэагавала. Магчыма, у Менску палічылі: тое, што дазваляецца Назарбаеву, павінна быць дазволена і Лукашэнку. І Расея фактычна з гэтым пагадзілася. Да таго ж рэпутацыя ў агенцтва, дзе працуе спадар Баранчык, спэцыфічная. З аднаго боку, многія палітыкі, палітолягі і журналісты кажуць, што агенцтва Regnum нельга ўспрымаць усур’ёз. З другога, усе ведаюць, што Regnum — гэта і крамлёўскі праект.

Трафімовіч: Гэта ўжо чацьвёрты арыштаваны аўтар вядомага сваімі беларусафобскімі выказваньнямі сайта. Трох іншых аўтараў ужо раней затрымалі ў Беларусі. Сьледчы камітэт падазрае аўтараў Regnum’а ў распальваньні расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варажнечы.

Затрыманьне адыёзнага Баранчыка і ягонай каманды было нечаканасьцю для беларускага грамадзтва. Таму што па такой самай лёгіцы ўжо даўно можна было завесьці не адну крымінальную справу. Regnum лічыць, што беларускія ўлады вядуць палітычны перасьлед супрацоўнікаў сайта. І нават абвінавачвае ў гэтым так званую «групоўку Макея».

Невядома, ці ёсьць сьлед МЗС у затрыманьні Баранчыка. З пэўнасьцю можна сказаць, што беларускія ўлады робяць гэтыя крокі зь меркаваньняў палітычнай мэтазгоднасьці

Сапраўды, МЗС пад кіраўніцтвам Уладзімера Макея апошнім часам уплывае ня толькі на зьнешнюю палітыку, як увядзеньне бязьвізавага рэжыму, але часткова і на ўнутраную. Менавіта МЗС вырашаў канфлікт з украінскім пісьменьнікам Сяргеем Жаданам, якога зьбіраліся дэпартаваць зь Беларусі. Учора Макей камэнтаваў акцыі пратэсту ў Беларусі. Па словах міністра, масавыя затрыманьні могуць запаволіць разьвіцьцё беларуска-эўрапейскіх адносінаў.

Невядома, ці ёсьць сьлед МЗС у затрыманьні Баранчыка. З пэўнасьцю можна сказаць, што беларускія ўлады робяць гэтыя крокі зь меркаваньняў палітычнай мэтазгоднасьці.

Карбалевіч: Беларускія ўлады даўно хацелі «дастаць» Баранчыка, яшчэ са сьнежня мінулага году. Паводле інфармацыі, распаўсюджанай самім Баранчыкам, яго амаль што хацелі выкрасьці беларускія спэцслужбы.

Наконт таго, ці крамлёўскі праект Regnum. Калі казаць у шырокім палітычным кантэксьце, то так. Пасьля Крыму ў Расеі пачалася шавіністычная хваля, і на гэтым тле зьявілася шмат структур

І вось ён арыштаваны. Думаю, што на нейкім узроўні расейскай улады было прынята палітычнае рашэньне аб гэтым затрыманьні. Таму так доўга цягнуўся гэта юрыдычны працэс. Бо запыт на арышт беларускія ўлады, мусіць, даслалі яшчэ ў сьнежні, калі былі арыштаваныя тры блогеры Regnum’а тут, у Беларусі. Баранчык нікуды не хаваўся, адкрыта рэдагаваў свой рэсурс. Яго нібыта шукалі больш за тры месяцы. Значыць, узгаднялі пытаньне на палітычным узроўні.

Наконт таго, ці крамлёўскі праект Regnum. Калі казаць у шырокім палітычным кантэксьце, то так. Пасьля Крыму ў Расеі пачалася шавіністычная хваля, і на гэтым тле зьявілася шмат структур. Яны карыстаюцца, хутчэй, нейкай ідэйнай падтрымкай з Крамля. Не абавязкова, каб там над кожнай структурай была палітычная крамлёўская «крыша».

Ня думаю, што Баранчык стане яшчэ адным прадметам палітычнага торгу паміж Менскам і Масквою. Ня тая фігура.

Але, магчыма, цяпер у Расеі можа пачацца палітычная кампанія ў падтрымку Баранчыка, зь якой Крамлю давядзецца лічыцца.

Зрэшты, фармальна Баранчык — грамадзянін Беларусі. І дасюль, здаецца, не было прэцэдэнту, каб на запыт беларускіх праваахоўных органаў расейскія ўлады не выдавалі Беларусі беларускага грамадзяніна. Як і наадварот.

І, дарэчы, калі Баранчык будзе выдадзены, то гэта стане сьведчаньнем таго, што Расея пакуль не плянуе весьці адносна Беларусі «гібрыдную вайну». Бо менавіта каманда Баранчыка магла стаць адным з важкіх інструмэнтаў такой вайны.