Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў чацьвер 16 сакавіка ўхваліў увядзеньне санкцый у дачыненьні да пяці банкаў з расейскім дзяржаўным удзелам. Накладзеныя санкцыі Ўладзімір Пуцін абмяркоўваў сёньня ў Крамлі на закрытай сустрэчы з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасьці.
Як адзначаецца ва ўказе, рашэньне было прынятае ў адпаведнасьці з Законам Украіны «Пра санкцыі» і з улікам прапановаў Нацыянальнага банку Ўкраіны, якія былі ўнесены ўвечары ў сераду па выніках пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны.
Санкцыі тэрмінам на адзін год будуць ужытыя да пяці банкаў з расейскім дзяржаўным удзелам: «Сбербанка», «ВиЭс Банка» (даччыны банк Sberbank Europe, разьвіваецца на аснове набытага некалькі гадоў таму Volksbank), Акцыянэрнага камэрцыйнага прамыслова-інвэстыцыйнага банку (падразьдзяленьне ВЭБ), ВТБ і «БМ-банка» (зьявіўся ў працэсе рэарганізацыі «Банка Москвы»).
Яны будуць тычыцца вываду капіталу за межы Ўкраіны на карысьць галаўной кампаніі і іншых актыўных апэрацыяў. Таксама забарона тычыцца выплаты працэнтаў, дывідэндаў, вяртаньня міжбанкаўскіх крэдытаў і г. д.
Кіраўнік Банку ВТБ Андрэй Косьцін заявіў, што банк у выніку ўведзеных санкцый можа панесьці страты ў «некалькі соцень мільёнаў даляраў».
«Гэта неістотная частка, але ўсё роўна не хацелася б несьці страты, нават калі гаворка ідзе пра ня вельмі вялікія сумы. Я думаю, для нас гэта сума ў некалькі соцень мільёнаў даляраў», — сказаў ён.
****
Напярэдадні ў сераду Рада нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны даручыла Нацбанку і фінансавым рэгулятарам Украіны на працягу сутак распрацаваць і ўнесьці прапановы аб працы ва Ўкраіне банкаў з расейскім капіталам і «дочкамі» расейскіх банкаў.
У Крамлі заявілі, што санкцыі супраць расейскіх банкаў ва Ўкраіне «супярэчаць міжнароднаму праву».
«Сытуацыя ва Ўкраіне палохае сваёй тэндэнцыяй да далейшай дэградацыі і да ўзмацненьня напружанасьці. У эканамічным пляне Ўкраіна перастае быць для замежных і міжнародных інвэстараў надзейным і прадказальным месцам, куды можна ўкладаць грошы і дзе можна прысутнічаць у якасьці субʼекта эканамічнага жыцьця», — заявіў прэс- сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў.
Паводле Пяскова, Крэмль занепакоены сытуацыяй, якая складваецца ва Ўкраіне вакол расейскіх банкаў і абмежаваньнямі, «якія ўведзеныя або будуць уводзіцца».
«Безумоўна, гэта супярэчыць міжнароднаму праву. Мы будзем вельмі ўважліва адсочваць сытуацыю і будзем пры неабходнасьці падтрымліваць і абараняць усімі даступнымі законнымі сродкамі інтарэсы нашых крэдытна-фінансавых установаў», — заявіў Пяскоў.
Украінская дачка «Ашчадбанка» ў сваю чаргу ў адказ увяла абмежаваньне на зьняцьце наяўных у банкаматах ва Ўкраіне і па ўсім сьвеце, выдачу наяўных з рахункаў і абмежавала грашовыя пераводы, а таксама рэзка падвысіла камісію за вывад сродкаў з «Ашчадбанку» ў іншыя ўкраінскія банкі.