Лукашэнка: «У Беларусі правоў чалавека і дэмакратыі ня менш, чым у іншых дзяржавах Эўропы»

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся 16 сакавіка са старшынёй Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Крыстын Мутанэн

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся 16 сакавіка са старшынёй Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Крыстын Мутанэн. Прэс-служба Лукашэнкі перадае толькі ягоныя заявы.

Лукашэнка пахваліў рашэньне правесьці штогадовую сэсію ПА АБСЭ ў Менску, паабяцаў зрабіць усё, каб сэсія стала «найлепшай у гісторыі», і такім чынам прадэманстраваць прыхільнасьць Беларусі прынцыпам дзеяньня АБСЭ:

«Мы пакажам яшчэ раз, што тыя перадузятасьці, што на Захадзе існуюць, а асабліва існавалі, надуманыя. Што Беларусь — гэта эўрапейская краіна. І што тут і правоў чалавека, і вяршэнства закону, і дэмакратыі ніяк ня менш, чым у іншых дзяржавах Эўропы, у тым ліку Эўразьвязу».

Таксама Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі сытуацыя «параўнальна спакойная на фоне тых падзеяў, што разьвіваюцца ў сьвеце».

Тым часам у Беларусі працягваюцца затрыманьні і суды за «Маршы недармаедаў», з пачатку сакавіка затрыманыя, асуджаныя або выкліканыя ў суд сама меней 160 чалавек.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, камэнтуючы затрыманьні, заявіў, што «заўсёды ёсьць асьцярога, што крохкі працэс нармалізацыі стасункаў Беларусі з Эўразьвязам можа застопарыцца ці спыніцца». Прадстаўнікі Эўразьвязу ў Беларусі раней заклікалі неадкладна вызваліць затрыманых і ўстрымацца ад гвалту.