Гомельскі грамадзкі камітэт за адмену дэкрэту № 3 прапанаваў абласному і гарадзкому выканаўчым камітэтам правесьці сумесную масавую акцыю 25 сакавіка, у Дзень Волі, пад двума галоўным лёзунгамі: «„Так“ — эканамічным рэформам, „не“ — замаху на незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі».
У заяве-звароце з гэтай нагоды адзначаецца, што праз адсутнасьць эканамічных рэформаў, дыялёгу, валюнтарысцкіх мэтадаў прыняцьця важных для краіны рашэньняў у грамадзтве расьце сацыяльная і палітычная напружанасьць.
«У Гомелі 19 лютага на плошчу выйшлі некалькі тысячаў чалавек, —тлумачыць адзін з аўтараў заявы, грамадзка-палітычны актывіст Уладзімер Кацора, — таму мы і сваім удзелам падтрымалі гэтую акцыю пратэсту. Падобныя пратэставыя акцыі адбыліся ў Рагачове, Берасьці, Пінску, Віцебску, Менску, Магілёве. Улада, нарэшце, пачула сваіх грамадзянаў, але стала прымаць неадэкватныя захады, імкнучыся пакараць пратэстоўцаў і нават журналістаў, якія асьвятлялі гэтыя падзеі. Пытаньняў жа правядзеньня эканамічных рэформаў улада не вырашае, заганяючы сацыяльныя праблемы ўглыб. Беларусь кіруе ў тупік. Вось і зьвяртаемся да ўладаў з такой прапановай».
У заяве грамадзкага камітэту адзначаецца таксама, што у апошні час дзяржаўная прэса, тэлебачаньне і сам Аляксандар Лукашэнка сталі казаць, што пратэставыя выступы супраць дэкрэту № 3 альбо падрыхтаваныя, альбо могуць быць выкарыстаныя ворагамі Беларусі. Сапраўды, пагроза сувэрэнітэту Беларусі ёсьць, і ўсё мацней гучаць галасы жырыноўскіх ды іншых адэптаў так званага «русского мира». Але ня меншая пагроза незалежнасьці Беларусі — зьбядненьне людзей з прычыны нерашучасьці ўладаў у правядзеньні эканамічных рэформаў. Таму не выпадкова датай наступнай акцыі выбрана 25 сакавіка, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.
Сумесную масавую акцыю грамадзкія актывісты прапануюць пачаць а 12 гадзіне на плошчы Паўстаньня.