Шэф-рэдактар парталу расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum Юры Баранчык, затрыманы ў Маскве, знаходзіцца ў міжнародным вышуку, цяпер вырашаецца пытаньне аб яго выдачы Беларусі, паведамляе ТАСС.
Сьледчы камітэт Беларусі на афіцыйным сайце паведаміў, што Баранчыка затрымалі на запыт беларускага боку па справе аб распальваньні варожасьці, у межах якой летась былі арыштаваныя тры аўтары Regnum.
«Сёньня супрацоўнікамі сталічнай паліцыі быў затрыманы грамадзянін Беларусі, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку па ініцыятыве праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь У цяперашні час вырашаецца пытаньне аб яго перадачы ініцыятару вышуку,» — цытуе ТАСС прэс-службу Галоўнага ўпраўленьня Міністэрства ўнутраных спраў Расеі па Маскве.
У той жа час крыніца ў праваахоўных органах паведаміла ТАСС, што Баранчык будзе выдадзены Беларусі.
Яго ўзялі сёньня ўначы проста з дому — з кватэры, якую здымаў.
Раней галоўны рэдактар Regnum Мадэст Калероў пацьвердзіў, што Баранчык быў затрыманы ў Маскве. «Яго ўзялі сёньня ўначы проста з дому — з кватэры, якую здымаў — цытуе ТАСС Калерова. — Зараз гэтай справай займаецца наш адвакат, мы паскардзіліся ў разнастайныя інстанцыі».
На сайце Regnum таксама зьявілася інфармацыя, што затрыманьне Баранчыка «было праведзена па запыце беларускіх уладаў, якія з пачатку сьнежня 2016 году вядуць палітычны перасьлед аўтараў і супрацоўнікаў Regnum паводле надуманых абвінавачваньняў у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, па якіх ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня».
У сваю чаргу сам Баранчык ў размове з ТАСС адмовіўся камэнтаваць сваё затрыманьне.
Апошняй на сёньня публікацыяй Баранчыка на Regnum ёсьць артыкул пад загалоўкам «Групоўка Макея пачала кампанію застрашэньня Лукашэнкі», дзе аўтар заяўляе, нібы міністар замежных справаў Беларусі гатовы заняць пасаду прэзыдэнта, а «прапагандысты Макея прапануюць Лукашэнку пайсьці шляхам Януковіча».
Выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Юры Паўлавец, школьны вартаўнік Дзьмітры Алімкін і рэдактар часопіса «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка былі затрыманыя на пачатку сьнежня мінулага году. Ім выставілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Па гэтым артыкуле ім пагражае штраф, альбо да шасьці месяцаў арышту, альбо абмежаваньне ці пазбаўленьне волі тэрмінам да пяці гадоў.
10 тэзаў расейскай прапаганды пра Беларусь
Your browser doesn’t support HTML5