Галіну Сьмірнову абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу 12 сакавіка на падставе ейных заяваў у гарвыканкам і пастоў у сацыяльных сетках. 9 сакавіка ў офісе АГП адбыўся ператрус. 12 сакавіка, за гадзіну да пачатку мітынгу, Галіну Сьмірнову затрымала міліцыя й да вечара трымала на допыце. Хоць позва на працяг допыту была выпісаная на 15 сакавіка, Галіну зноў затрымалі 13 сакавіка, дапыталі і да суду адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
— Умовы ў ізалятары жахлівыя — вельмі халодна, брыдка. Я карысталася сваёй бялізнай і коўдрай, хатнімі, на тамтэйшыя й глядзець страшна. У прыбіральню — па графіку двойчы ў дзень. А самае прыніжальнае — абавязковы вобшук штораніцы, калі прымушаюць разьдзявацца цалкам.
Але гэта парадкі такія, умовы нялюдзкія. Да саміх жа наглядчыкаў, адміністрацыі ізалятара ў мяне прэтэнзій ніякіх няма, — кажа Свабодзе Галіна. — Паводзілі яны сябе культурна, ставіліся нармальна, па-людзку. Без праблем дазволілі лішні раз выйсьці ў прыбіральню.
Напэўна, разумеюць усё.
Пры зьмяшчэньні ў ізалятар забіраюць тэлефоны. Калі Галіну Сьмірнову павезьлі на суд 14 сакавіка, тэлефон адразу вярнулі. Паколькі суд меўся працягнуцца на наступны дзень, зноў павезьлі начаваць у ізалятар і там зноў забралі тэлефон. Але пакуль усё афармлялі, Галіна пасьпела зрабіць сэлфі на фоне калідора й кратаў ізалятара.
— Гэта заўважылі, тут жа прыбеглі, прыгразілі пакараньнем за здымкі. Але, як сказалі, «на першы раз абмяжуемся папярэджаньнем».
Другога разу бліжэйшым часам не плянуецца — Галіне Сьмірновай досыць нечакана прысудзілі ня арышт, а штраф у 30 базавых адзінак і адпусьцілі дахаты.
Калі б яе і далей утрымлівалі пад вартай, ейны бацька, 89-гадовы Аляксандар Бурак штодня выходзіў бы на плошчу з адзіночным пікетам за вызваленьне палітвязьняў. Пра гэты намер ён заявіў раніцай 15 сакавіка.