«Мне сорамна, што я галасаваў за Лукашэнку», — пэнсіянэр, які ўдзельнічаў у «Маршы недармаедаў»

Мікалай Салянік

Гарадзенскі пэнсіянэр Мікалай Салянік судом Ленінскага раёну Горадні асуджаны на 8 базавых велічынь (184 рублі) за ўдзел у «Маршы недармаедаў». Пасьля прысуду зь ім пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

«Шкадую, што верыў хлусьні Лукашэнкі»

— Спадар Мікалай, падчас судовага працэсу ўсіх прысутных уразіла, калі вы павярнуліся да залі і сказалі, што просіце ва ўсіх прабачэньня за тое, што галасавалі за Лукашэнку. Што вас прымусіла гэта зрабіць?

— Мне цяпер ня вельмі проста гэта прыгадваць. Я некалі паверыў Лукашэнку, як і іншыя тысячы беларусаў. Мне добра памятаецца, як ён у Вярхоўным Савеце махаў тэчкай і крычаў, што разьбярэцца з карупцыянерамі, забярэ незаконна пабудаваныя дамы, кватэры, машыны, пабудуе сацыяльна справядлівую дзяржаву. А атрымалася ўсё наадварот: у параўнаньні нават з тым часам ў разы вырасла карупцыя, няроўнасьць сацыяльная паміж людзьмі. А тады ж, у 1994 годзе, адбываліся сапраўдныя дэмакратычныя выбары, і я паверыў ягонай хлусьні.

— Вы таму і на «Марш недармаедаў» прыйшлі?

— Ведаеце, мне цяпер вельмі крыўдна і сорамна. Прычым крыўдна ня толькі за сябе, а і за ўсіх тых, хто тады паверыў у ягоную хлусьню. Я на судзе сказаў, што ганаруся тым, што браў удзел у гэтай акцыі, і лічу, што ў нашай сытуацыі кожны павінен хоць нешта зрабіць, каб выправіць сытуацыю. Асабіста я гатовы на любыя крокі, каб пакінуць хоць маленькі сьлед у гісторыі сваёй краіны, каб і мае блізкія, і знаёмыя ведалі, што я імкнуўся і бараніў сваю Радзіму, а ня проста жыў дзеля страўніка.

«Быў камуністам, цяпер — сябра АГП»

Абвінавачаныя напярэдадні суду. Мікалай Салянік — трэці справа. У Горадні за ўдзел у «Маршы недармаедаў» сёньня судзяць 13 чалавек

— Вы на судзе згадалі, што былі сябрам КПСС, а цяпер уваходзіце ў АГП...

— Так, я быў маладым камуністам, верыў і імкнуўся зрабіць сваю краіну лепшай, але, як і абсалютная большасьць людзей, нават не ўяўляў пэўны час, што стаіць за КПСС, якія справы. А калі падчас Перабудовы ўсплыла інфармацыя, колькі гэтая партыя зьнішчыла свайго ж народу і тых самых камуністаў, мае погляды зьмяніліся. Праўда тады выцерла вочы. І цяпер я не хачу больш, каб мяне і мой народ лічылі за быдла. Я сам цяпер прачытаў шмат кніг па гісторыі і маю ўяўленьне пра гісторыю Беларусі, яе народ, культуру, пра цяперашнюю ўладу. І ведаю цяпер, што для нас азначае бела-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» і мова наша беларуская. І магу даць адпор любому прапагандысту.

— Спадар Мікалай, а што вы думаеце пра цяперашняе жыцьцё, пра той самы дэкрэт № 3?

— Ведаеце, людзі расчараваліся ў гэтай уладзе, як ніколі раней. Некалькі гадоў запар я раблю для сябе сацыялягічнае апытаньне. Калі раней большасьць людзей зь дзясятка падтрымлівал прэзыдэнцкі курс, то цяпер 9 чалавек зь дзесяці катэгарычна супраць яго настроеныя. А рэшта — гэта тыя, хто на яго працуе. Вось такая сацыялёгія.

— А да беларускай мовы вы даўно вярнуліся?

— Некалі я скончыў беларускую школу ў Горкаўскім раёне Магілёўскай вобласьці, і адзнакі па беларускай мове і літаратуры ў мяне былі выдатныя. Але, на жаль, быў час, калі мову забыў, а потым, прызнаюся, саромеўся пэўны час да яе вярнуцца. І цяпер вельмі моцна аб гэтым шкадую, бо памятаю, як некалі на беларускай мове размаўлялі мая мама, мая бабуля...

«Трэба ведаць, калі настаў час адысьці ад улады»

— Спадар Мікалай, а як вы думаеце, што будзе далей зь Беларусьсю?

— Не хачу рабіць ніякіх прагнозаў. Але павінен сказаць, што любы чалавек, які цьвяроза мысьліць, пакінуў бы ўладу прыгожа. У народзе кажуць, што трэба ведаць, калі прыходзіць да ўлады, а яшчэ лепей трэба ведаць, калі ад яе адыходзіць. Але думаю, што ў гэтага чалавека няма пачуцьця меры і пра нешта тут гадаць няма сэнсу. Але дакладна магу сказаць, што беларускі народ з кожным днём сьпее ўсё болей і болей. І пра гэта яму трэба абавязкова ведаць.