Намесьнік старшыні аблвыканкаму Андрэй Кунцэвіч заяўляе, што прадстаўнікі ўлады абавязаныя выступіць на мітынгу супраць дэкрэту № 3, але, напісаў ён у Твітэры, калі такая акцыя будзе дазволеная. Гэтак службовец адказаў на пытаньне, ці выйдзе прадстаўнік улады да народу на мітынг 15 сакавіка.
«Улада абавязаная быць на такім мітынгу. Але заяўка на яго правядзеньне не падавалася. Людзей завуць на мітынг незаконна. Людзей выкарыстоўваюць», — адзначыў чыноўнік, які курыруе пытаньні ідэалёгіі ў аблвыканкаме.
Арганізатары акцыі пратэсту «Марш недармаедаў» пацьвярджаюць, што не зьвярталіся ў гарвыканкам па дазвол, а толькі паінфармавалі чыноўнікаў, што яна мае адбыцца 15 сакавіка. Ліст у гарвыканкам падпісалі кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў, каардынатар аргкамітэту дзеля стварэньня партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Алег Аксёнаў, а таксама першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэкратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў ды сябра руху «За свабоду» Аляксандар Сілкоў. Аксёнаву 14 сакавіка далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Шанцава ўтрымліваюць у ізалятары часовага ўтрыманьня. Судзіць будуць 15 сакавіка.
Гарвыканкам адпісаў арганізатарам, што дазволіць дэманстрацыю і мітынг «Марш недармаедаў» «не прадстаўляецца магчымым». У лісьце, падпісаным намесьніцай старшыні гарвыканкаму Алай Галашкай, заяўнікам нагадалі, што «месцам правядзеньня пікетаў, мітынгаў, сходаў, арганізатарамі якіх выступаюць палітычныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзныя арганізацыі, вызначаная пляцоўка каля дома № 64 В па вуліцы Чалюскінцаў».
Пляцоўка, на якую спасылаюцца чыноўнікі, знаходзіцца ўдалечыні ад людных гарадзкіх вуліц.