Старшыня Гомельскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гатоўчыц выкліканы на 15 сакавіка ў Цэнтральны РАУС Гомеля. А журналістку-фрылансэрку Ларысу Шчыракову будуць судзіць 17 сакавіка ў судзе Гомельскага раёну.
Анатоля Гатоўчыца, які працаваў у Рагачове ад інфармацыйнай кампаніі БелаПАН падчас акцыі пратэсту 12 сакавіка, вінавацяць у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Анатоль Гатоўчыц сказаў, што «гэтая кампанія накіраваная на тое, каб журналісты прафэсійна не асьвятлялі акцыі пратэсту, ня толькі „дармаедзкія“, але і іншыя, зьвязаныя з эканамічнай сытуацыяй у краіне».
«Мяне абвінавачваюць па адміністрацыйным артыкуле 23.34 — што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Але як можна ўдзельнічаць журналісту, які асьвятляў гэтую падзею, гэтую масавую акцыю? Журналіст там павінен быў быць», — сказаў Гатоўчыц.
Журналістку-фрылансэрку Ларысу Шчыракову будуць судзіць у судзе Гомельскага раёну 17 сакавіка за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Рагачове. У РАУС Гомельскага раёну на яе склалі пратакол за парушэньне заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў.
Ларыса Шчыракова 12 сакавіка як журналістка-фрылансэрка асьвятляла акцыю пратэсту ў Рагачове супраць дэкрэту № 3.
Міліцыянты прад’явілі Шчыраковай фатаздымкі з акцыі, дзе яна зафіксаваная на месцы падзей. Таксама былі скрыншоты з онлайн-трансьляцыі Радыё Свабода.
«Гэта арыя з адной і той жа опэры: ня даць журналістам магчымасьці асьвятляць акцыі пратэсту», — пракамэнтаваў старшыня Гомельскай філіі БАЖ Анатоль Гатоўчыц справу, заведзеную супраць журналісткі Ларысы Шчыраковай.
Таксама ў Савецкім аддзеле ўнутраных спраў Гомеля на журналіста-фрылансэра Яўгена Меркіса склалі пратакол за парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Яго вінавацяць у незаконным распаўсюдзе інфармацыі.
Яўген Меркіс зрабіў некалькі відэастрымаў для тэлеканалу «Белсат» на акцыях пратэсту супраць дэкрэту № 3 — у Віцебску, Гомлі і Рагачове.