Саюз беларускіх пісьменьнікаў супраць Марыны Коктыш з «Народнай волі». Хто, за што і чаму

Сакратарыят Саюзу беларускіх пісьменьнікаў(СБП) зьвярнуўся ў камісію па этыцы Беларускай Асацыяцыі журналістаў наконт матэрыялу Марыны Коктыш пра зьезд СБП.

Як тлумачыцца на сайце саюзу, гэта адбылося «пасьля шматлікіх зваротаў сяброў арганізацыі, абураных публікацыяй Марыны Коктыш „Саюз анёлаў і ворагаў“ у „Народнай волі“ № 19 ад 7 сакавіка».

У звароце адзначаецца, што «ў згаданым артыкуле тэндэнцыйна асьвятляецца правядзеньне ХVII справаздачна-выбарчага Зьезду „Саюзу беларускіх пісьменьнікаў“, утрымліваецца скажэньне фактаў, маніпулятыўныя сьцьверджаньні і ацэнкі, якія дыскрэдытуюць дзейнасьць старэйшай прафэсійнай творчай арганізацыі, абражаюць гонар і годнасьць сотняў беларускіх літаратараў».

Пра што напісала Марына Коктыш

Паводле крытычнага погляду карэспандэнткі «Народнай Волі» Марыны Коктыш, «зьезд запомніцца ня толькі дрэннай арганізацыяй...», «нават за савецкім часам рэжысура падобных мерапрыемстваў была больш прадуманай». Журналістка наракала на працу аховы падчас зьезду, згадвала канфліктную сытуацыю з Эдуардам Акуліным, зьвяртала ўвагу на «безальтэрнатыўнасьць выбараў», доўгую справаздачу, нястачу як «вострых выступленьняў на зьезьдзе», так і «гучных ініцыятываў і заяваў СБП за апошнія пяць гадоў», пра праблемы пераемнасьці. Журналістка задавала шэраг крытычных пытаньняў, зьвязаных з адносінамі з чыноўнікамі і змаганьнем за маёмасьць СБП.



Марына Коктыш патлумачыла Свабодзе, што пакуль ня бачыла скаргі, якую Саюз беларускіх пісьменьнікаў накіраваў у БАЖ, таму ня ведае, што менавіта ў публікацыі абурыла кіраўніцтва Саюзу.

«Гэта былі замалёўкі са зьезду, вострыя моманты. Пра лічбы, таемнае галасаваньне, колькасьць выдадзеных кніжак усе напісалі, а сытуацыя з тым жа Эдуардам Акуліным засталася па-за кадрам. І самі пісьменьнікі, дарэчы, па-рознаму паставіліся да гэтага выпадку. У артыкуле не было ніякіх абвінавачваньняў. Толькі пытаньні. Якія, дарэчы, абмяркоўваліся і да майго артыкулу, і пасьля. Нічога новага тут няма», — кажа журналістка.

Старшыня СПБ Барыс Пятровіч не хацеў скардзіцца ў БАЖ

Пераабраны старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч патлумачыў Свабодзе, што асабіста ён быў супраць звароту ў камісію па этыцы БАЖ. Але, паводле Пятровіча, пераважную большасьць фактаў у артыкуле можна доказна аспрэчыць.

«Мне асабіста не хацелася б гэта камэнтаваць і надаваць увагу гэтай публікацыі. Я быў супраць таго, каб мы падавалі скаргу. Сам тон публікацыі і яе зьмест падаўся абсалютна несправядлівым. Кожны сказ можна аспрэчваць, нават пачынаючы з таго што зьезд адкрыў не старшыня СБП, а старэйшына Анатоль Ільіч Вярцінскі.
У нас заўсёды так было. У 2001 годзе адкрываў зьезд Янка Брыль, у 2006 — Ніл Гілевіч, у 2011 — Генадзь Бураўкін. Нельга гэта ўспрымаць як крытыку. Гэта проста непаразуменьне, няведаньне нашых традыцый. Напачатку прагучалі прывітаньні ад калегаў, партнэраў з Літвы, Украіны, Швэцыі. Так прынята на кожным зьезьдзе. Тое, што справаздачу чыталі з паперкі. дык там амаль 30 старонак, сотні прозьвішчаў, дзясяткі назваў кніг. Гэта ня тое, што сьведчыць пра кепскую арганізацыю зьезду, пра скандал ці яшчэ што. Толькі з той прычыны, што падзеі на зьезьдзе падаваліся ў нэгатыўным сьвятле, была і напісаная гэтая заява. Хай разьбірацца ў камісіі па этыцы БАЖ».

Што да аўтараў скаргі, Барыс Пятровіч накіраваў Свабоду да паэта і празаіка Ўсевалада Сьцебуракі.

Чым і каго абразіла публікацыя ў «Народнай Волі»

Паэт і празаік Усевалад Сьцебурака, чыё імя згадваецца ў артыкуле, сказаў Свабодзе, што нічога ня можа дадаць па-за афіцыйным камэнтарам СБП, разьмешчаным на сайце, і што цяпер слова — за камісіяй БАЖ. Паводле яго, словы сказаныя на эмоцыях, тут не да месца.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку больш падрабязна свае адносіны да крытыкі СБП выказаў сябра саюзу Анатоль Івашчанка.

як бы там ні было, але ніколі столькі не рабілася Саюзам, як цяпер

«Усё не ўлягаюцца жарсьці вакол Зьезду СБП. Як чалавек, які так ці інакш вось ужо каля 15 год зьвязаны з працай Саюза магу сказаць: столькі крытыкі і нэгатыву ад «сяброў» арганізацыі, не-сяброў арганізацыі ды «незалежных» інстытуцыяў на маёй памяці не было. Вядома ж, чытаць усё гэта прыкра, брыдка і крыўдна. Бо як бы там ні было, але ніколі столькі не рабілася Саюзам, як цяпер. На 20 квадратных мэтрах сядзіць калектыў, які робіць столькі, колькі ня сьнілася ніякаму дзяржаўнаму культурніцкаму апарату: выдаюцца дзясяткі кніг штогод, ладзяцца конкурсы, фэстывалі, прэзэнтацыі, выходзяць газэта й часопіс, працуе літрадыё і пісьменьніцкая школа. Ня кажучы пра дзіцячыя праекты (альманах, чытанкі, перакладныя выданьні). Ня кажучы пра працу абласных філіяў, дзе выходзяць свае альманахі... (Ну, старшыня гадзіну ўсё пералічваў у хуткім тэмпе) Калі такое было?! І гэта я зараз не сябе пахваліў. Бо перадусім займаюся часопісам, а ў працы Саюза заангажаваны як любы шараговы сябра...

«Добра, канешне, што СБП выдае некалькі часопісаў (сем — А.І.), падтрымлівае некаторых сталых пісьменьнікаў. Ну а моладзь што? Дзе яна, вакол каго гуртуецца?» Задаецца рытарычнымі пытаньнямі журналістка «Народная волі» у надыктаваным пасквілі. «На зьезд прыйшлі амаль адны пэнсіянэры ці тыя, хто вось-вось да іх далучыцца».

Вядома ж, чытаць усё гэта прыкра, брыдка і крыўдна

Чуеце, Валярына Кустава, Тацяна Нядбай, Арцём Арашонак, Андрэй Хадановіч, Аксана Данільчык, Павал Гаспадыніч, Усевалад Сьцебурака, Аксана Спрынчан, Марыя Роўда, Тацяна Скарынкіна, Сабіна Брыло, Віктар Жыбуль, Анатоль Трафімчык, Усевалад Гарачка, Зьміцер Вішнёў, Ганна Янкута, Ціхан Чарнякевіч?.. Гэта наўскід згадваю тых «адных пэнсіянэраў», зь якімі рукаўся ці абдымаўся на зьезьдзе. Ды і Наталцы Бабінай, Алене Брава, Міхасю Скоблу, Юрасю Пацюпу, Вользе Бабковай, Але Петрушкевіч, Дзьмітрыю Строцаву, Алесю Ліпаю ды шмат каму яшчэ да пэнсіі не адзін раман, аповесьць ці паэму, дасьць Бог, напісаць... Ізноў жа, называю па памяці толькі тых, хто быў на зьезьдзе. А колькі перадалі галасы... А Наварыч, Федарэнка, Сьцяпан, Глобус, Шапран, Васючэнка, Гапееў, Баршчэўскі, Дубянецкая, Сыс, Дранько-Майсюк, Бяляцкі, Дэбішы, Адамовіч... Ну а творцы «пэнсійнага ўзросту» шчэ фору дадуць любому маладзейшаму: Арлоў, Аксак, Ляхновіч, Галубовіч, Ліхтаровіч, Дубоўскі, Бутэвіч, Жуковіч, Казько, Баравікова, Разанаў, Някляеў, Дайнека, Букчын, Ваганаў... Перашпрашаю каго не згадаў. А ня ўсіх жа і ведаю! Людзі выяжджалі з ночы з далёкіх і блізкіх абласьцей, каб пабачыць родных людзей, якіх, можа, ня бачылі гадамі. Каб адчуць сябе адзіным цэлым. Дзякуй вам, шаноўныя, за гонар быць у такім таварыстве!"

Някляеў лічыць, што скаргу трэба адклікаць

Згаданы ў публікацыі Марыны Коктыш былы старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Уладзімер Някляеў лічыць, што ніякага канфлікту няма, а ёсьць толькі эмоцыі.

«Я лічу перабольшанай рэакцыяй саюзу пісьменьнікаў на публікацыю Марыны Коктыш, якая стала прычынай звароту СБП у камісію па этыцы БАЖ. Ня бачу я там нічога такога, што мела бы адносіны да зьнявагі, прыніжэньня годнасьці, што маецца на ўвазе звычайна, калі ёсьць прэтэнзіі такога кшталту. Мяркую, што па цьвярозым разважаньні СБП мог бы адклікаць свой зварот хоць бы з той прычыны, каб не ставіць у няёмкую сытуацыю сваіх жа калегаў па пяру, я маю на ўвазе калегаў-журналстаў. Кожны журналіст, кожны аўтар, які нешта недзе піша ці прамаўляе, мае права сваю пазыцыю, на сваю ацэнку любой сытуацыі, і такая балючая рэакцыя на тое, што зьявілася ў „Народнай волі“, перабольшаная.

па цьвярозым разважаньні СБП мог бы адклікаць свой зварот хоць бы з той прычыны, каб не ставіць у няёмкую сытуацыю сваіх жа калегаў па пяру

Канечне, можна было б аўтару сказаць трохі болей добрых словаў на адрас СБП, які робіць апошнімі гадамі даволі вялікую справу па выданьні кніг, часопісаў, падтрымцы маладой літаратурнай моладзі і гэтак далей. Але ж трэба разумець, што гэта ня тое, гарачае, праблемнае, што звычайна шукае журналіст, што дазволіць яму напісаць матэрыял, які зьвярнуў бы на сябе ўвагу. Гэтым скарысталася аўтарка матэрыялу, але казаць, што ў гэтым яе віна, я бы ня стаў».

Букчын лічыць, што варта болей гаварыць пра літаратуру, а ня скардзіцца

Сябра СБП Сямён Букчын лічыць, што ня варта Саюзу беларускіх пісьменьнікаў скардзіцца на журналістку, якая выказала свае погляды адносна зьезду арганізацыі.

гэтая крыўдлівасьць выкліканая тым, што кіраўніцтва СБП, можа, лічыць сябе адначасова гераічнай і пакрыўджанай арганізацыяй, якую ўжо нельга і чапаць

«Гэта не прынята, гэта салідная арганізацыя. Можа быць, камусьці яны погляды Марыны Коктыш падаліся крыўднымі, можа, несправядлівымі, але абскарджваць афіцыйна ў журналісцкай арганізацыі, што, маўляў, парушаныя этычныя прынцыпы, я проста ня бачу падставы для такіх дзеяньняў з боку кіраўніцтва СБП. Што з таго, што Марына Коктыш выказала нейкія крытычныя погляды? Сьвет абрынуўся? Кагосьці яна пэрсанальна пакрыўдзіла? Я думаю, што гэтая крыўдлівасьць выкліканая тым, што кіраўніцтва СБП, можа, лічыць сябе адначасова гераічнай і пакрыўджанай арганізацыяй, якую ўжо нельга і чапаць, нельга нейкія прэтэнзіі мець. Дарэмна ўсё гэта. Так, яна дала погляд Някляева ў артыкуле. Той таксама выступіў з нейкімі заклікамі, прэтэнзіямі да СБП. І што з таго? Можа, ён хацеў палітызаваць гэтую арганізацыю, а кіраўніцтва вырашыла інакш. Гэта абмен думкамі, поглядамі.

Мы ўсе ведаем, што гэта быў справаздачна-выбарны зьезд. Трэба было расказаць пра тое, што адбылося за гэты тэрмін, якія кнігі выйшлі, якія мерапрыемствы прайшлі. Але мне падаецца, што трэба больш імкнуцца гаварыць пра літаратуру і пра сёньняшняе жыцьцё ў нейкім злучэньні і суадносіць беларускі літаратурны вопыт з сусьветным. У гэтым сэнсе даклад Пятровіча мне падаўся больш старамодным, хаця ён быў грунтоўным, усебаковым, і даў разгорнутую карціну беларускага літаратурнага жыцьця за пяць гадоў».

***

Як паведамілі Свабодзе ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, дата разгляду скаргі СБП на публікацыю Марыны Коктыш у камісіі па этыцы яшчэ не прызначаная.