Суд Ленінскага раёну Берасьця засудзіў блогера Дзьмітрыя Гарбунова на 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.
Не дапамагло і тое, што Гарбуноў прад’явіў у судзе рэдакцыйнае заданьне ад «Брестской газеты», паводле якога ён накіроўваўся асьвятляць акцыю.
Яго ўзялі пад варту і павезьлі на суткі з залі суду.
Гарбуноў хадайнічаў у судзе выклікаць у суд сябра АГП Уладзімера Вуека, які ў часе Маршу недармаедаў 5 сакавіка ў Берасьці займаўся арганізацыяй перамоваў з уладамі.
Таксама Гарбуноў прапаноўваў апытаць старшыню Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандра Рагачука, які ў часе Маршу выйшаў на перамовы да пратэстоўцаў, запрасіўшы іх у актавую залю гарвыканкаму. Суд гэтыя хадайніцтвы адхіліў.
У часе паседжаньня судзьдзя Сьвятаслаў Каліна выдаляў з залі прысутных, якія выказвалі абурэньне, у прыватнасьці, вымушаны быў пакінуць памяшканьне праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.
Таксама судзьдзя не дазваляў прысутным пісаць паведамленьні праз тэлефон, рабіць гукавую анлайн-трансьляцыю (хоць запіс аўдыё ў судзе нельга забараняць). Уздоўж сьценаў стаялі міліцыянты, якія кантралявалі, каб ніхто не карыстаўся мабільнымі тэлефонамі.