У Воршы шукаюць затрыманага актывіста Грышанава

Ігар Грышанаў, архіўнае фота

Дагэтуль застаецца невядомым лёс аршанскага актывіста Ігара Грышанава, якіга міліцыя затрымала напярэдадні «Маршу недармаедаў» у Воршы.

У Воршы ў яго няма блізкіх сваякоў, акрамя старэнькай маці, а сябры з гарадзкога дэмакратычнага асяродку ведаюць толькі тое, што цяпер актывіст знаходзіцца пад вартай.

12 сакавіка каля 11-й гадзіны яго затрымалі ў машыне на аўтазапраўцы і павезьлі ў міліцыю. Напярэдадні яму тэлефанаваў супрацоўнік РАУС з просьбай прывезьці дакумэнты, датычныя дзейнасьці газавага каапэратыву ў вёсцы Стаўры, дзе Грышанаў быў старэйшынам. Дакумэнты, паводле міліцыянта, трэба было прывезьці або пасьля 22.00 ночы з 11-га на 12-га сакавіка, або 12-га а 7-й раніцы. Грышанаў адмовіўся ехаць бяз позвы.

Пасьля таго, як аднадумцы і сябры не дачакаліся адміністрацыйнага працэсу над Ігарам Грышанавым 13-га сакавіка, зьявіліся меркаваньні, што супраць яго магла быць распачатая іншая справа.

Свабода зьвярталася ў РУУС Аршанскага раёну, але там пакуль не змаглі даць адказу пра лёс Грышанава.