Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Томас Кент назваў арышт карэспандэнткі Радыё Свабода Галіны Абакунчык «відавочнай спробай перашкодзіць журналістцы ў выкананьні сваёй працы».
Галіна Абакунчык была затрыманая 12 сакавіка падчас акцыі пратэсту ў Воршы і правяла ноч пад вартай. Судзьдзя Аршанскага раённага суду Мікалай Драгуноў 13 сакавіка пакараў Галіну Абакунчык штрафам у памеры 575 рублёў. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці.
Абакунчык заявіла ў судзе, што не прызнае сваёй віны, бо мела рэдакцыйнае заданьне і яго выконвала — асьвятляць мітынг у Воршы. Яна кажа, што працавала разам зь іншымі журналістамі, вяла фота, — аўдыё- і відэаздымкі мітынгу — была там толькі з гэтай мэтай і нічога іншага не рабіла.
«Я толькі камэнтавала шэсьце, працавала як журналіст, — казала Абакунчык у судзе. — Хачу сказаць, што ўпершыню зьведала такі шок, за шмат гадоў на мяне ўпершыню нападалі міліцыянты. Нас груба схапілі чатыры амапаўцы, я казала, што мы журналісты. Гвалтам схапілі і пацягнулі волакам ды заштурхалі ў пастарунак. Я нават ня мела шанцаў і магчымасьці паказаць пасьведчаньне».