Аляксандра Кабанава, актывіста зь Бярозы, вызвалілі пасьля 5 сутак арышту. Да мясцовага РАУС а 21-й гадзіне прыехала зь Менску дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, а таксама сабраліся каля дзесяці жыхароў гораду.
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Кабанаў быў асуджаны за хуліганства і брыдкаслоўе. Са словаў актывіста інцыдэнт, паводле якога яго асудзілі быў правакацыяй. Але аспрэчваць вырак суду актывіст не зьбіраецца. На ўмовы ўтрыманьня Аляксандр не скардзіўся:
«Калі агулам характарызаваць, то адзіная заўвага — гэта несвоечасовыя абеды. Ежа ў камэры вельмі кепская. Таксама вялізным мінусам зьяўляецца адсутнасьць хоць якіх-кольвек навінаў з-за кратаў. Таму нічога не ведаю, што адбывалася за гэтыя дні. Але пасьля таго, як адбыў гэтыя суткі, шчыра скажу, што мяне гэтым не напалохаць. Я маю намер і надалей працягваць сваю дзейнасьць. Разам мы даб’емся, каб дэкрэт быў адменены».
Яшчэ да выхаду Аляксандра Кабанава Ганна Канапацкая так і не здолела трапіць у будынак мясцовай міліцыі. Міліцыянты не адчынялі дзьверы перад дэпутаткай. У выніку Ганна Канапацкая склала скаргу на дзеяньні дзяжурнага міліцыянта.