Касінерава пазналі ў балаклаве, далі 15 сутак. Хочуць судзіць па крымінальным артыкуле

Вячаслаў Касінераў, архіўнае фота

Актывіста Вячаслава Касінерава судзяць у Менску. Яго затрымалі пасьля акцыі анархістаў 12 сакавіка, калі тыя накінулі пятлю на шыю помніку царскаму гарадавому.

На момант публікацыі яму прысудзілі 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — менскім «Маршы абураных беларусаў». Там яго нібыта пазналі, хоць ён быў у балаклаве, кажа Свабодзе яго сяброўка.

«Па вачах за 20 мэтраў, на зьмярканьні сярод дзьвюхтысячнага натоўпу! — дзівіцца яна. — Рапарт сфабрыкаваны, за 2016 год падпісаны, сьведкі-міліцыянты паўтараюцца слова ў слова».

Таксама Касінерава зьбіраюцца судзіць па крымінальным артыкуле за псаваньне помніка. Сяброўка ж Касінерава кажа Свабодзе, што акцыя была не псаваньнем помніка — гэта, сказала яна, сымбалізм, бо душаць свабоду людзей.