Вялікая літаратура пра вялікія гарады

Ян Максімюк на Штрудльгофскіх сходах у Вене, 1995

У Менску жывуць каля 2 мільёнаў чалавек. То бок Менск — мэтраполія, вялізны горад паводле агульнаэўрапейскіх мерак, ня толькі беларускіх. Тым ня менш, калі б мяне папрасілі падаць прыклад «сапраўды менскага», «вялікагарадзкога» раману ў беларускай літаратуры, я б ня ведаў, што адказаць. Трэба было б добра падумаць, перш чым нешта назваць. Паколькі ніхто акрамя мяне такога пытаньня мне ня ставіў, я знайшоў трохі часу, каб падумаць над адказам самому сабе. Наколькі гэты адказ можа быць цікавы іншым, я ня ведаю, але вось ён...

Няма ў беларускай літаратуры раману, які б сваім «вялікагарадзкім» фарматам нагадваў хоць збольшага «Майстра і Маргарыту» Міхаіла Булгакава (Масква) або «Manhattan Transfer» Джона Дос Пасаса (Нью-Ёрк). Магчыма, каб напісаць пераканаўчы раман пра вялізны горад, трэба ў такім горадзе нарадзіцца і пранікнуцца ім, так бы мовіць, да самых патаемных клетачак душы. А ў нашай літаратуры, самі ж ведаеце, празаікі нараджаліся то ў Бычках, то ў Глінішчы, то ў Варакомшчыне. Ну, у лепшым выпадку — у Оршы, Смаргоні або Дзяржынску. Менск усё яшчэ застаецца «неабжытым» у беларускім пісьменстве.

Але парасткі нечага «вялікагарадзкога» і «менскага» ўсё ж зьявіліся.

Ігар Бабкоў на цырымоніі ўручэньня прэміі Гедройця за "Хвілінку", 2014

Для прыкладу, адна частка кнігі Ігара Бабкова «Хвілінка. Тры гісторыі» — пад назвай «Партрэт мастака, нябачны ў сутоньні» — дае адчуць лёгкі прысмак нечага «менскага», чаго ніяк ня зблытаеш з «маскоўскім». Аднак у цэлым Менск у Бабкова — горад-фантом, горад-прывід, а ня месца, дзе бруіць паўнакроўнае жыцьцё.

Падобна ў Альгерда Бахарэвіча — ягоныя «Шабаны» ўяўляюць сабою неблагі накід для вялікагарадзкога палатна, нават калі ён і абмежаваны да аднаго гарадзкога кварталу. Але гэта ўсяго накід, і вобраз Менску ў Бахарэвіча атрымліваецца ня менш прывідны і невыразны, чым у Бабкова.

Вокладка раману "Шабаны" (2012) Альгерда Бахарэвіча

«Менск у фантастычных апавяданьнях» — так і хочацца назваць гэтыя дзьве спробы празаічнага менскага жывапісу.

Бахарэвіч нарадзіўся ў Менску, а Бабкоў — у Гомлі. Значыць, яны «вялікагараджане» ад калыскі, і якраз у іх горад мог мацней чым у іншых засесьці ў згаданых пісьменьніцкіх клетачках. Таму больш імаверна, што якраз нехта зь іх можа напісаць «вялікагарадзкі» раман, у якім горад стане поўнафарматным героем аповеду, а ня толькі тлом.

Па-свойму цікавы падыход да прамінулага Менску ў дакумэнтальнай кнізе Аляксандра Лукашука пра Лі Гарві Освальда «Сьлед матылька». Лукашук робіць спробу «рэканструкцыі» ня столькі тапаграфіі, колькі мэнтальнай атмасфэры Менску ў пачатку 1960-х, на аснове таго, пра што пісала тагачасная прэса і што захавалася ў іншых запісах, якія скарыстоўваюцца аўтарам ў якасьці дакумэнтальнага фундамэнту для расповеду. Калісьці, чытаючы машынапіс кнігі перад публікацыяй, я намаўляў Аляксандра Лукашука пашырыць ролю Менску ў кнізе, зрабіць гэты ўзорны савецкі горад героем кнігі, раўназначным самому Освальду. Ня помню ўжо, што тады аўтар адказаў, тым ня менш ён мяне не паслухаўся. Але й так «Сьлед матылька» — неблагі падыход да вырашэньня «вялікагарадзкой праблемы» ў беларускай прозе.

Аляксандар Лукашук на цырымоніі ўручэньня прэміі Гліняны Вялес-2011 за "Сьлед матылька"

Несумненна, частка цяжкасьцяў пры абмалёўцы Менску беларускім словам бярэцца і з таго, што горад, за выняткам тоненькага пласту літаратурна-культурнай публікі, не гаворыць па-беларуску. Калі яшчэ можна ўявіць сабе афіцэра КДБ, які гаворыць на мове, то ніяк нельга ўявіць падобную камунікацыю ня толькі ў выпадку амбітнай разьведзенай бізнэсоўкі, але і прыбіральшчыцы зь мятлою на менскай вуліцы і з мужам-алькаголікам дома. Вось вазьмі ты і напішы нефантомную жанравую карцінку зь Менску беларускім словам...

Пакуль беларускія пісьменьнікі ўсё яшчэ мазгуюць, як перадаць моўную стыхію работнікаў і тэхнічнай інтэлігенцыі МАЗу і «Інтэгралу», каб яны (работнікі і інтэлігенцыя) не выглядалі людзьмі з паніжаным разумовым статусам, я вырашыў прыгадаць некалькі прыкладаў пасьпяховых «вялікагарадзкіх» кнігаў зь літаратураў, дзе кніжная мова не разыходзіцца з вулічнай так радыкальна, як у Менску.

Парыж: Віктор Гюго, «Les Misérables» (1862)

Гэты раман — вялікі ва ўсіх сэнсах, ня толькі ў сваёй карціне Парыжу ў першай палове ХІХ стагодзьдзя. Раман Віктора Гюго (1802-1885) «Абяздоленыя» (мая прапанова абеларушаньня цяжкога для перакладу загалоўка) ахоплівае сваім сюжэтам падзеі ў Францыі ў 1815-1832 гг. Парыж як месца дзеяньня зьяўляецца ў рамане пад канец другога тому.

Віктор Гюго

Увесь раман (у некаторых францускіх выданьнях ён налічвае амаль 2,5 тысячы старонак) разьдзелены на пяць тамоў, якія падзяляюцца на 48 кнігаў, а тыя ў сваю чаргу — на 365 разьдзелаў. Здаецца, ніхто зь беларусаў ня браўся за пераклад гэтай кнігі. Шкада, бо на думку большасьці заходніх крытыкаў — гэта найважнейшы раман сусьветнай літаратуры ХІХ стагодзьдзя. Калі сёньня перакладаць яшчэ нешта з ХІХ стагодзьдзя на беларускую — дык у першую чаргу найважнейшае. Гэта, канешне, мая прыватная думка. Мне не захацелася чытаць гэтую кнігу ні ў польскім, ні ў расейскім перакладзе (а маё веданьне францускай заслабое, каб размотваць пакручасты стыль Гюго ў арыгінале), таму я набыў адзін з навейшых ангельскамоўных перакладаў і паволі заглыбіўся ў жыцьцёвыя пэрыпэтыі Жана Вальжана, Фантыны, Казэты, інспэктара Жавэра і іншых. Да канца ўсё яшчэ далёка, але кнігу кідаць ня хочацца...

Пра сам Парыж у кніжцы вельмі шмат (чаго толькі вартыя даўжэзныя ўстаўныя эсэ пра парыскую каналізацыйную сыстэму і праблему парыскіх бездаглядных падлеткаў) ды вельмі дакладна: у адной з кніжак Патрыка Мадыяно, нобэлеўскага ляўрэата 2014 году, я прачытаў, што ён у 1980-х гадах даў рады сарыентавацца ў лябірынце вулічак францускай сталіцы паводле тапаграфіі, апісанай на старонках «Абяздоленых»...

Дублін: Джэймс Джойс, «Уліс» (1922)

«Уліс», як усе ведаем, — адзін з найбольш вядомых і найменш чытаных раманаў ХХ стагодзьдзя. Сюжэт раману разгортваецца ў Дубліне на працягу аднаго дня — 16 чэрвеня 1904 году. Джэймс Джойс максымальна выкарыстаў мясцовую прэсу з таго дня і гарадзкі даведнік з таго году, каб насыціць сваю кнігу фактаграфічным матэрыялам. Кожную значнейшую тапаграфічную дэталь аўтар пераправяраў у лістах да сяброў і знаёмых у Дубліне (кніга пісалася Джойсам у выгнаньні, у Цюрыху і Парыжы). Пасьля выхаду раману аўтар нават хваліўся, што калі б Дублін прапаў з паверхні зямлі ў выніку нейкага катаклізму, горад магчыма было б адбудаваць у арыгінальным выглядзе паводле ягонай кнігі.

Джэймс Джойс

Чытачам варта ведаць, што ў 1904 годзе ў Дубліне жылі ня больш за чвэрць мільёна чалавек, то бок менш, чым сёньня ў Горадні. А Горадню ж цяжка назваць мэтраполіяй, праўда? Тым ня менш, мы лічым «Уліса» «вялікагарадзкім раманам». Чаму? Як мне здаецца, перш за ўсё таму, што кніга вельмі яскрава распавядае пра адчужанасьць і разгубленасьць чалавека ў сучасным горадзе, хай сабе і не мільённым, але дастаткова вялікім, каб падкрэсьліць якраз «мініятурнасьць» аднаго чалавечага лёсу на тле «вялікагарадзкой масы». Што ні сказаць пра вёску, але жыцьцё там менш ананімнае, адзінкавы лёс там менш адчужаны ад лёсу іншых, чым у горадзе.

Зрэшты, сам Джойс адносіўся да «мэтрапольнага» характару Дубліну з ладнай дозай іроніі. Вось пачатак сёмага эпізоду (разьдзелу) «Уліса», дзе саркастычна абмалёўваецца рух і гоман «у сэрцы гібэрнійскай мэтраполіі»:

«У СЭРЦЫ ГІБЭРНІЙСКАЙ МЭТРАПОЛІІ

Перад калёнаю Нэльсана трамваі запавольвалі, мянялі каляіны, перастаўлялі дугу, вырушалі на Блэкрок, Кінгстаўн і Долкі, Клонскі, Рэтгар і Тэрэнюр, Палмэрстан Парк і Верхні Рэтмайнс, Сэндымаўнт Грын, Рэтмайнс, Рынгсэнд і Сэндымаўнт Таўэр, Хэралдс Крос. Сіпаты кіраўнік руху Аб’яднанай Дублінскай Трамвайнай Суполкі адгарлапаніваў іх:

— Рэтгар і Тэрэнюр!

— Давай, Сэндымаўнт Грын!

Раўнабежна справа й зьлева, ляскаючы й пазвоньваючы, двухпавярховы й аднапавярховы рушылі з канцавых прыпынкаў, павярнулі на выязную каляіну, раўнабежна пасунулі.

— Паехаў, Палмэрстан Парк!

Бэрлін: Альфрэд Дзёблін, «Бэрлін, Аляксандэрпляц» (1929)

Бэрлін, 1920-я гады, часы гэтак званай Ваймарскай рэспублікі. З турмы, адседзеўшы тэрмін за забойства каханкі, выходзіць герой раману Франц Бібэркопф, намераны пачаць новае жыцьцё і стаць «прыстойным чалавекам». Ён спрабуе пачаць гэтае жыцьцё, прадаючы газэты на бэрлінскіх вуліцах, але нейкая фатальная сіла сьпіхвае яго на ўзбочыну тагачаснага бэрлінскага грамадзтва, і неўзабаве Франц апынаецца сярод прастытутак, сутэнэраў, крымінальнікаў, ваенных інвалідаў. І да ўсяго да таго — камуністы і нацысты таксама мільгаюць недзе на заднім пляне.

Альфрэд Дзёблін

Сюжэт кнігі настолькі складаны, густы і адначасова сумбурны, што нельга яго ўцямна распавесьці па-цьвярозаму. Але кніга напісана вельмі таленавіта, аўтар скарыстоўвае напоўніцу ўсе стылі «вялікагарадзкой» нямецкай мовы з розных сацыяльных пластоў, а да таго насычае раман цытатамі з высокай і нізкай літаратуры, як з сучасных, так і антычных часоў. Паводле моўнай складанасьці «Бэрлін, Аляксандэрпляц», мабыць, не саступае «Улісу». І як «вялікагарадзкі раман» — кніга ўзорная.

Пачатак раману Дзёбліна нядаўна пераклаў на беларускую Альгерд Бахарэвіч. Цікава, ці хопіць яму ўседлівасьці, каб працягнуць гэты перакладчыцкі занятак...

Вена: Гайміта фон Додэрэр, «Die Strudlhofstiege» (1951)

Гэта найпрыгажэйшы «вялікагадзкі раман», які мне даводзілася чытаць. Шэдэўр аўстрыйскай і ўсёй нямецкамоўнай літаратуры.

«Die Strudlhofstiege» — так называюцца адмысловыя сходы, архітэктурны помнік з пачатку ХХ стагодзьдзя, якія спалучаюць «верхнюю» і «ніжнюю» частку старой Вены. Штрудльгофскія сходы — цэнтральны пункт, у якім сутыкаюцца і перасякаюцца сюжэтныя лініі і лёсы шматлікіх герояў гэтага перанаселенага раману (больш за 200 пэрсанажаў). Поўны загаловак кнігі Додэрэра: «Die Strudlhofstiege oder Melzer und die Tiefe der Jahre » (Штрудльгофскія сходы альбо Мэльцэр і глыбіня гадоў).

Штрудльгофскія сходы, 2010

Аўстрыйскі пісьменьнік Гайміта фон Додэрэр (1896-1966) пражыў у Вене амаль усё сваё жыцьцё (за выняткам чатырохгадовага расейскага палону ў Сыбіры ў 1916-1920 гг. ды службы ў вэрмахце ў розных акупаваных нацыстамі краінах падчас Другой сусьветнай вайны). Додэрэр гаварыў з характэрным венскім акцэнтам і пісаў, калі можна так сказаць, «венскім стылем» нямецкай мовы. Аўстрыйцы лічаць «Штрудльгофскія сходы» найлепшым аўстрыйскім раманам ХХ стагодзьдзя. Цікава, што сам Додэрэр называў гэты раман усяго «подступам» (die Rampe) да другога аб’ёмістага раману, «Die Dämonen» (1956), які лічыў сваім Hauptwerk.

«Die Strudlhofstiege» — своеасаблівая «сьвецкая хроніка» з жыцьця вышэйшых венскіх сфэраў у 1925-26 гг. (з экскурсамі ў лета 1911 г.): інтрыгі і інтрыжкі, першыя каханьні і эратычныя дасьведчаньні, сямейныя здрады, плёткі і пікнікі, венскія кавярні і рэстараны... Адзін з крытыкаў напісаў пра гэтую кнігу: ein Großstadtroman mit der Aura des Lebens so, wie es ist (вялікагарадзкі раман з аўрай жыцьця такога, якім яно ёсьць). Калі 20 гадоў таму я ўпершыню апынуўся у Вене, маім найпершым памкненьнем было пайсьці сфоткацца на Штрудльгофскіх сходах, дзе на адмысловай табліцы высечаны эпіграф да раману Додэрэра. А гады два таму я пераклаў урывак з гэтага раману. І згаданы эпіграф, вершык Гайміта фон Додэрэра «На Штрудльгофскіх сходах»:

Калі лістота засьцілае сходы,

ад прыступак старых асеньні подых

з сабою падымае ўсё былое.

Той месяц, што ў абдымках цесных двое

трымалі, туфлікі й цяжкія боты,

вазон замшэлы пасярод турботы,

які стрываў між войнамі нягоды.

Шмат што глыбокі смутак навявае

і прыгажосьць так коратка трывае.

Александрыя: Лорэнс Дарэл, «Александрыйскі квартэт» (1957-1960)

Гэтая тэтралёгія, хутчэй за ўсё, замест сапраўднай эгіпецкай Александрыі ў 1930-1940 гг., апісвае нейкі іншы, фантастычны горад, які існаваў толькі ва ўяўленьні пісьменьніка. Але такая ўжо сіла чэпкай літаратуры: большасьць людзей на сьвеце будзе глядзець на Александрыю, калі наогул, праз прызму якраз «Александрыйскага квартэту» Лорэнса Дарэла (1912-1990). У 1964 годзе Нобэлеўскі камітэт разважаў, ці ня даць Дарэлу за гэты цыкл сваю прэстыжную прэмію.

Пляж у Александрыі, 1942. Фота: Tom Beazley

Гэты брытанскі пісьменьнік, народжаны ў Індыі, большасьць свайго жыцьця пражыў па-за Вялікабрытаніяй. «Александрыйскі квартэт» — найбольш вядомы твор Лорэнса Дарэла, які складаецца з чатырох асобных раманаў, азагалоўленых імёнамі герояў: «Justine» (1957), «Balthazar» (1958), «Mountolive» (1958), «Clea» (1960). Першыя тры раманы прадстаўляюць той самы набор падзеяў, якія разглядаюцца з трох розных пэрспэктываў (то бок, маем тут «сынхронны падыход»). Чацьвёрты раман разглядае лёсы герояў трох папярэдніх частак у часавай пэрспэктыве («дыяхронны падыход»).

Я недзе прачытаў, што структура «Александрыйскага квартэту» імітуе фізычную часапрастору, у якой мы жывем: тры прасторавыя вымярэньні і адно часавае. Магчыма, што ў аўтара і была такая творчая задума, але яна для ўспрыняцьця кнігі насамрэч неістотная. «Квартэт» прыемна чытаецца перш за ўсё з увагі на свой «музычны» стыль, заблытаныя пачуцьцёва-эратычныя пэрыпэтыі галоўных герояў ды нейкую таямніцу іхных лёсаў, якая да канца не высьвятляецца. І ўсе чатыры раманы поўняцца элегантнымі інтэлектуальнымі (а таксама псэўдаінтэлектуальнымі) выказваньнямі, накшталт: «З жанчынай вы можаце рабіць толькі тры рэчы: кахаць яе, цярпець дзеля яе або увасобіць яе ў літаратуры»; «Каханьне падобнае да акопнай вайны — вы ня бачыце ворага, але ведаеце, што ён там ёсьць і што вам разумней не высоўваць галавы»; «Горад становіцца сьветам, калі вы любіце аднаго зь яго насельнікаў».

Калісьці, на досьвітку новай беларускай літаратуры, мой захоплены сябра Сяргей Шупа пераклаў урывак «Юстыны», першай часткі «Александрыйскага квартэту».

Стакгольм: Пэр Андэрс Фогельстрэм, пэнталёгія «Горад» (1960-1968)

Адчуваю, што ў беларускай інфармацыйнай прасторы пра гэтага пісьменьніка чулі ўсяго адзінкі. Зрэшты, у кожнай іншай інфармацыйнай прасторы, акрамя швэдзкай, ён таксама ня надта вядомы. А швэды моцна любяць Пэра Андэрса Фогельстрэма (1917-1998) якраз за ягоны раманны цыкл «Горад» (Staden) пра Стакгольм: «Горад маіх мараў» (пэрыяд 1860-1880), «Дзеці свайго гораду» (1880-1900), «Запомні гэты горад» (1900-1925), «У перамененым горадзе» (1925-1945), «Горад у сьвеце» (1945-1968). Сёлета — сотыя ўгодкі з дня нараджэньня Фогельстрэма, і швэды ўвесь год будуць ушаноўваць гэтую дату.

Пэр Андэрс Фогельстрэм. Фота: Jerry Lantz, 1968

Раманны цыкл «Горад» пачынаецца ў 1860 годзе, калі ў Стакгольм прыходзіць 15-гадовы вясковы хлопец Хенінг Нільсан, каб знайсьці сабе лепшую долю. І так пачынаецца эпапэя ягонага роду ў швэдзкай сталіцы, а таксама эпапэя некалькіх іншых сем’яў, знаёмых і сяброў Хенінга. Жыцьцё і перамены Стакгольму на працягу стагодзьдзя разглядаюцца аўтарам з пэрспэктывы, так бы мовіць, рабочай клясы, да якой належыць як Хенінг Нільсан, так і іншыя героі гэтай гарадзкой сагі. Але ня трэба пужацца — гэтая пэрспэктыва не ўключае ні вучэньня Леніна, ні нават Маркса. Швэды збудавалі свой сацыялізм бяз гэтых дзядзькоў.

Вось урывак з пачатку першай кнігі цыклу, «Mina drömmars stad» (Горад маіх мараў):

«Чакаў яго горад, які так даўно пасяліўся ў ягоных марах.

У вечаровым сонцы блішчэлі дахі і вежы, мільгацелі калюжыны ў блытаніне вулачак між дамамі. Шэрыя пагоркі узвышаліся голымі скаламі над садамі і сакавітай зеленьню тытунёвых палеткаў.

Горад, пададзены на срэбным падносе, працягнуты як дарунак. Як быццам палацы з дахамі з пазелянелай медзі, сьвятыні з чорнымі сьпічакамі, драўляныя дамы сярод пагоркаў — усе яны былі толькі цацкамі. Гатовымі, каб трапіць у нецярплівыя рукі, завабліва блізкімі, лёгка дасягальнымі.

Шэрыя клубы дыму ўзьнімаліся над заводамі ўздоўж берагу возера, абяцаючы нязьведаныя магчымасьці.

Горад чакаў. Чакаў пятнаццацігадовага хлопца, які дагэтуль ня бачыў нічога зь яго пыхі, — і ўсіх іншых, якія знайшлі дарогу да яго.

Ён быў у іхных марах і прапанаваў ім усё магчымае.

Але хлопец ня мог або не хацеў бачыць, што большая частка карціны была змрочнай, што магчымасьцяў долі і жыцьця было менш, чым магчымасьцяў гора і сьмерці.

Хлопец марыў. Горад чакаў.»

«Нармальны», без «выпендрываньня», стыль. Так сказаць, народная кніга пра «каханы горад». Добрая «вялікагарадзкая» літаратура для масавага чытача. Падобнай кнігі моцна не хапае беларускай літаратуры.

Стамбул: Архан Памук, «Стамбул» (2003)

Дзеяньне амаль усіх кнігаў турэцкага нобэлеўскага ляўрэата Архана Памука (нар. 1952 у Стамбуле) адбываецца ў ягоным родным горадзе. Гэта датычыць і тых найбольш вядомых ягоных твораў («Чорная кніга», «Мяне завуць Чырвоны», «Музэй нявіннасьці», «Мае дзіўныя думкі»), і тых крыху менш знакамітых («Джэўдэт бэй і яго сыны», «Ціхі дом», «Новае жыцьцё»). Але тут я хачу напісаць не пра fiction, а пра nonfiction Архана Памука, кнігу-эсэ «Стамбул. Успаміны і горад».

Архан Памук

«Стамбул», мабыць, найбольш асабістая кніга турэцкага пісьменьніка. Памук піша пра сваю сям’ю, сваё дзяцінства ў родным горадзе, сваё выгнаньне з раю дзяцінства, але перш за ўсё — пра свой «любоўны раман», у якім аб’ектам жарсных пачуцьцяў выступае Стамбул, яго тапаграфія і тапаніміка, яго гісторыя і сучаснасьць, яго месцы і людзі. Гэта, як напісаў адзін крытык, кніга пра горад «з Захадам у галаве і Ўсходам у душы». Пошук сапраўднай духоўнай ідэнтычнасьці для сваіх кніжных герояў і для турэцкай культуры наогул — цэнтральная тэма творчасьці Архана Памука.

Кнігу ілюструюць сотні дзьве чорна-белых фатаграфій, як зь сямейнага архіву пісьменьніка з 1950-х і 1960-х гадоў, так і з розных фатаграфічных фондаў з ранейшых гістарычных пэрыядаў, пачынаючы зь сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. Яны надаюць прозе Архана Памука той дадатковы налёт мэлянхоліі і смутку (турэцкае: hüzün), які, паводле пісьменьніка, найлепш характарызуе атмасфэру «дваістага» гораду над Босфарам.

Кнігу Памука ў вельмі добрым ангельскім перакладзе Марын Фрылі (Maureen Freely), «Istanbul. Memories of a City», я глынуў за два дні, чакаючы ў шпіталі апэрацыі, у якой лазэрнае лязо хірурга мела прайсьціся усяго за паўмілімэтра ад маіх вачніц. Было страшнавата, але адначасова падумалася: калі гэта будзе апошняя кніга, якую я здолею прачытаць сваімі вачыма, я ня буду шкадаваць, што ўзяў у шпіталь якраз яе...