Асноўнаю тэмаю галоўнай прапагандысцкай праграмы БТ «Главный эфир» у нядзелю стаў дэкрэт № 3. Вядоўцы і экспэрты паўтарылі, што дэкрэт не павінен закранаць інтарэсаў сумленных людзей, што ён мае хібы, якія, несумненна, будуць выпраўленыя.
На асобных праблемах, зьвязаных з рэалізацыяй дэкрэту, аднак, паводле БТ, спэкулююць палітычныя авантурысты, якіх спансаруюць з-за мяжы.
Пры гэтым былі паказаныя фрагмэнты прапагандысцкай стужкі «Звонок другу». Гледачам патлумачылі, чаму пасьля акцыі ў Маладэчне ўлады арыштавалі лідэраў беларускіх палітычных партыяў. Гэта, паводле БТ, «самазваныя лідэры, якія зрываюць дыялёг народу і ўлады».
Таксама была паказаная відэацытата Зянона Пазьняка, які гаварыў пра правакацыі на акцыі 25 сакавіка ў Менску.
Сёньня на АНТ адмянілі КВЗ і паўторна паказалі «расьсьледаванне» з абвінавачваньнямі на адрас пратэстоўцаў «Званок сябру».