Бяз позвы ў пастарунак спадар Грышанаў ісьці адмовіўся, а каля 10.30 ягоную машыну спынілі на запраўцы. Актывіста затрымалі, прычына, якую сфармулявалі міліцыянты, пакуль не вядомая. Тэлефон Ігара Грышанава не адказвае. Сябры-аднадумцы кажуць, што ён пасьпеў ім паведаміць толькі адно: суд над ім адбудзецца заўтра ў 11 гадзінаў.
Дакладны час суду над тымі, каго затрымалі ўжо пасьля «Маршу недармаедаў», пакуль невядомы. Каля двух дзясяткаў удзельнікаў маршу некалькі гадзін чакалі зьвестак каля аршанскага адзьдзелу міліцыі, куды трапілі Павал Севярынец і кіроўца машыны, на якой абодва зьбіраліся ад’яжджаць у Менск, актывіст з Дрыбіна Андрэй Юркоў, аршанскія актывісты Віктар Міхасёў, Віктар Андрэеў, які быў адным з самых імпэтных выступоўцаў, і Васіль Берасьнеў, вядоўца мітынгу на цэнтральнай плошчы.
Паводле актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Яўгена Анішчанкі, па стане на 18.45 у пастарунку знаходзіліся яшчэ дзьве журналісткі — Галіна Абакунчык з Радыё Свабода і Кацярына Бахвалава зь Белсату. Яўген Анішчанка і сам быў затрыманы перад сёньняшняй акцыяй, а потым сачыў за лёсамі іншых:
«Я ехаў у „маршрутцы“ і ўбачыў, як міліцыянты затрымліваюць Васіля Берасьнева. Выйшаў і паехаў разам зь ім у пастарунак. Там ужо былі іншыя затрыманыя, у тым ліку і журналістка Катарына Андрэева. Пакуль мы спрабавалі даведацца, што будзе з затрыманымі, прывезьлі і журналістку Галіну Абакунчык. Сказалі, што ўсе яны затрыманы да заўтра, а заўтра будзе суд. У колькі , дакладна не вядома, але суд пачынае працу з 9.00, і мы туды зьбіраемся. Міліцыянты адмовіліся ўзяць нават ваду для затрыманых. Сказалі, што перадачы ў ізалятары часовага ўтрыманьня прымаюцца да 18.00».
Яўген Анішчанка быў атрыманы сёньня да пачатку акцыі: міліцыянты адсачылі ягоную машыну, дзе актывіст перавозіў гукаўзмацняльную апаратуру. Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі міліцыі наладзілі сапраўдную аблогу: шукалі актывіста з апаратурай па трох адрэсах, уключаючы бацькоў і бліжэйшых сваякоў.
Нешта падобнае сёньня адбылося і з актывістам партыі БНФ Ігарам Казьмерчаком: яго таксама шукалі па адрэсах сваякоў.
Яшчэ некалькі чалавек не змаглі прыйсьці сёньня на «Марш недармаедаў», бо каля іхных кватэраў дзяжурылі нарады міліцыі.
У сябра БСДП (Грамада) Канстанціна Анташкевіча і незалежнага журналіста Арцёма Сізінцава сёньня ўраньні адбыліся ператрусы. Паводле пастановаў, яны тычыліся справы аб вырабе фальшывых грошай, праз якую днямі быў праведзены ператрус і ў офісе аршанскай Кааліцыі дэмакратычных сілаў. На офісе была сканфіскаваная аргтэхніка, а вось з кватэраў актывістаў міліцыянты не ўзялі нічога. Аднак дапытвалі пасьля ператрусу роўна да таго часу, пакуль у горадзе ня скончыўся марш.
Сёньня раніцай на аршанскім чыгуначным вакзале былі затрыманыя некалькі журналістаў зь Менску і Віцебску. Віцебскіх калег Тацяну Мацьвееву, Ігара Мацьвеева і Сяргея Серабро адпусьцілі яшчэ да на пачатку акцыі, а менскіх журналістаў Дар’ю Гуштын і Сяргея Гудзіліна — пазьней, так што яны пасьпелі толькі да сканчэньня маршу на прыступках Аршанскага райвыканкама. Яшчэ двое журналістаў зь Віцебску, Уладзімер Лунёў і Сяргей Русецкі, у Воршу так і ня трапілі: машыну, у якой яны ехалі, спынілі на выезьдзе з абласнога цэнтру і амаль тры гадзіны высьвятлялі, ці яна не скрадзеная.
Затрыманьні ў Воршы сталі ці ня самымі масавымі за ўвесь час, пакуль «Маршы недармаедаў» праходзілі па ўсёй Беларусі.