Амаль усе, хто выказваліся, казалі «ён», спасылаліся ці апэлявалі да «яго».
Некалькі сот чалавек самага рознага ўзросту — і працаздольнага веку, і пэнсіянэры. Ніжэй падборка галасоў удзельнікаў «дармаедзкага» мітынгу (асабліва моцныя эпітэты прыбраныя).
— Я бяз працы, хадзіў на біржу, дык там трэба падачку (хабар — РС) даць, каб цябе паставілі на ўлік.
— Буду супраць «Бацькі». Ён мог бы сысьці з паднятай галавой, але не.
— Прыйшоў не дзеля сябе, а дзеля сваіх дзяцей. Хачу, каб ім жылося лепей. У цэлым у горадзе настрой як тут на плошчы. Настрой у курылках выказваецца. Баяцца людзі.
— Муж не пайшоў на плошчу, бо баіцца згубіць працу.
— Ну дык што — замарозіў дэкрэт? А налета адмарозіць.
— Ён кагосьці вінаватым знайшоў, але не сябе (у справе эканамічнага абвалу — РС).
— Пэнсія 200 р. — 50 р. за кватэру, а жыць за што?
— Лета прыйдзе, вы ня ўбачыце аніводнага маладога чалавека. Хто ў Польшчу, хто ў Расею, хто куды паедзе.
— Па-пацанску скажу, так справы не робяцца. Зьмяняць уладу трэба.
— Хадзіў у цэнтар занятасьці. Прапаноўвалі 300. Як удваіх пражыць на такія грошы? Я хачу працаваць, але не за 300 р., — кажа малады мужчына.
— У стаж служба ў войску не ідзе, вучоба, а дэкрэт у жанчын? А казаў жа — нараджайце!
— Пара за вілы брацца, — упэўнена кажа дзядуля.
— Сын у Расеі пакутуе, а дачка маладзец — у Нямеччыне жыве замужам.
— За што нашы дзяды ваявалі!? — пытаецца маці зь немаўлём у вазочку.
— Я служыў у СССР на Камчатцы. Мне там стаж год за два йшоў. Тут пайшоў не пэнсію, мне кажуць, што ня ўлічаць год за два: «Не паложана — іншая дзяржава». А чаго вы тады кожны дзень пра «саюзную дзяржаву» гаворыце?
— Абяцаў з карупцыяй разабрацца. А сам панаставіў лядовых палацаў і міліцыю напладзіў.
— 100 даляраў дзіцёнку за амуніцыю на лядовы палац, каб займалася, які рабочы і калхозьнік купіць? Навошта будаваў тыя палацы?
— Пераапранутыя стаяць (міліцыя — РС), пасьля выклікаць будуць. А то і ў псіхушку забяруць.
Боязь «псіхушкі» як меры пакараньня гучыць на мітынгу не адзін раз.
— Дачцэ 55 гадоў, хто яе на работу возьме?!
— Я ня знаю, што сказаць Лукашэнку. Прыслухацца да людзей. Бо працы няма. У савецкі час і то лепей жылося.
— Гэта страшнае дзела, што робіцца ў Беларусі. Да крайнасьці дайшлі. Пры Брэжневу жылі ў сто разоў лепш.
Многія на мітынгу ўзгадваюць савецкія часы як лепшыя. Той самы тэзіс, які Лукашэнка меў доўгі час як козыр. Маўляў, вярну як было — стабільна і надзейна.
— Хай глядзіць за ўсімі гарадамі, а ня толькі за Менскам. Людзі зь Пінску едуць у Менск зарабіць. Усім гарадам трэба надаваць увагу.
— Справядлівыя выбары, замена ўлады!
— Яго Ярмошына выбірае.
— Выжываем на курыных сьпінках.
— На работу не бяруць, вучыцца не бяруць. Толькі па тэлевізары мы добра жывем.
Бабуля (плача): — Мяне аштрафавалі за тое, што пасьля пэнсіі працавала.