26 лютага ў Бабруйску прайшоў «Марш недармаедаў». Яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, у якой запатрабавалі ад уладаў да 12 сакавіка адмяніць дэкрэт № 3. Збор удзельнікаў плянаваўся каля плошчы Перамогі.
Паводле Сьмірновай, сёньня яна і іншыя актывісты прыйшлі да плошчы і ўбачылі, што тэрыторыю абгарадзілі. Там жа стаяла машына камунальнага дарожна-эксплюатацыйнага прадпрыемства.
«З машыны выйшаў чалавек і паведаміў, што яму сказалі нам перадаць, што з заўтрашняга дня, зь нядзелі, тут пачынаюцца рамонтна-будаўнічыя работы. Будуць рамантаваць помнік, прыступкі, што яшчэ – ня ведаю», – сказала Сьмірнова, адзначыўшы, што танк-помнік на плошчы ў выдатным стане і ніякага рамонту не патрабуе.
«Побач стаіць камень-помнік ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій, вось ён і патрабуе рамонту, але яго ня робяць. А тое, што нармальнае, яны вырашылі рамантаваць», – заўважыла Сьмірнова. Яна таксама паведаміла, што ў будынку Бабруйскага гарвыканкаму бачыла магутную гукаўзмацняльную апаратуру, якую, відаць, улады прыменяць, каб заглушыць выступы ўдзельнікаў акцыі пратэсту.
Сьмірнова пацьвердзіла інфармацыю пра затрыманьні ў Бабруйску ў ноч на 11 сакавіка чацьвярых удзельнікаў папярэдняй акцыі – Вольгі Аўдзейчык, Максіма Буйніцкага, Максіма Лубінскага і Аляксея Раманава. У міліцыі прафсаюзнаму лідэру паведамілі, што затрыманыя знаходзяцца ва Ўпраўленьні ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму.