Хочаш доўга жыць — харчуйся як адвэнтыст

Сьвяточны абед каля царквы адвэнтыстаў у ЗША.

Сёньня пагаворым пра адносна невялікую, але вельмі цікавую з пункту гледжаньня дыеталёгіі суполку ў Амэрыцы — адвэнтыстаў сёмага дня. Забягаючы наперад: яны у сваёй большасьці вэгетарыянцы, хварэюць менш за астатніх амэрыканцаў і жывуць даўжэй.

Паводле дадзеных за 2012 год 5% амэрыканскага дарослага насельніцтва зьяўляецца вэгетарыянцамі. 2% амэрыканцаў — вэганы, то бок цалкам устрымліваюцца ад мяса, рыбы, малочных прадуктаў і яек.

Выбар на карысьць вэгетарыянскай дыеты абумоўлены рознымі прычынамі, у тым ліку рэлігійнымі і этычнымі меркаваньнямі, узьдзеяньнем на навакольнае асяродзьдзе, а таксама перавагамі для здароўя. Усяго толькі тры дзесяцігодзьдзі таму меркаваньне Амэрыканскай асацыяцыі дыетолягаў было скептычным у дачыненьні да вэгетарыянскай дыеты. Аднак апошнім часам асацыяцыя зьмяніла свае пазыцыі і лічыць вэгетарыянства адэкватнай харчовай стратэгіяй. Гэта — вынікі шматлікіх дасьледаваньняў па вэгетарыянскіх дыетах на працягу апошніх 30 гадоў. Павелічэньне колькасьці навуковых публікацый па вэгетарыянстве ўнесла значны ўклад у харчовую эпідэміялёгію і паспрыяла лепшаму разуменьню сувязі паміж дыетай і хваробамі. У прыватнасьці, так званыя дасьледаваньні адвэнтыстаў далі пераканаўчыя доказы таго, што збалянсаваная вэгетарыянская дыета ўтрымлівае ўсе неабходныя нам пажыўныя рэчывы, а таксама зьвязана з больш нізкай рызыкай хранічных захворваньняў. Пра адвэнтыстаў і пагаворым.

Царква Адвэнтыстаў сёмага дня была заснавана ў 1840-х гадах у Паўднёвай Каліфорніі. Царква расквітнела ў ХХ стагодзьдзі, гэтак сама як і самі адвэнтысты, для якіх здароўе займае цэнтральнае месца. Сёньня абшчына ў раёне Лінда (Каліфорнія), якая складаецца прыкладна з 9000 адвэнтыстаў, зьяўляецца адной з так званых блакітных зон сьвету. У гэтых блакітных зонах людзі жывуць значна даўжэй, чым усё астатняе насельніцтва.

Тры буйныя дасьледаваньні былі праведзены ў групе адвэнтыстаў. Першае называлася Дасьледаваньне сьмяротнасьці адвэнтыстаў і праходзіла ў пэрыяд з 1960 да 1976 гг. У ім удзельнічала 22 940 асоб. Гэта дасьледаваньне вывучала пераважна сьмяротнасьць ад хранічных хвароб. Наступнае дасьледаваньне кагорты адвэнтыстаў прайшло ў пэрыяд 1976 — 1988 гг. Яно называлася Дасьледаваньне здароўя адвэнтыстаў — 1. (AHS-1). Яно было распрацавана для ацэнкі асацыяцый паміж дыетай і захворваньнямі. У ім вывучаліся дадзеныя 34 198 удзельнікаў ва ўзросьце 25-90 гадоў, якія жылі ў Каліфорніі. Трэцяе Дасьледваньне здароўя адвэнтыстаў — 2 (AHS-2), пачалося ў 2002 годзе і доўжыцца дагэтуль. Яно ставіць мэтай ацаніць ролю дыет і фактараў ладу жыцьця, якія могуць быць ўцягнутыя ў працэс разьвіцьця раку. Гэтая група мае больш за 96 000 удзельнікаў з ЗША і Канады ва ўзросьце 30-112 гадоў.

AHS-2 дае ўнікальную магчымасьць ня толькі параўнаць вэгетарыянцаў з амніворамі, але і паглядзець на розныя тыпы вэгетарыянскай дыеты: вэганскую, лакта-ова вэгетарыянскую (можна яйкі і малочку), песка-вэгетарыянскую (можна рыбу).

Якія высновы можна зрабіць з назіраньняў над адвэнтыстамі? Навукоўцы лічаць, што ўсе вэгетарыянскія дыеты абараняюць ад сардэчна-судзінных захворваньняў, мэтабалічнага сындрому, некаторых відаў раку (у прыватнасьці тоўстай кішкі, страўнікава-кішачнага тракту, прастаты) і агульнай сьмяротнасьці. Вэганская дыета, здаецца, да таго ж прапануе дадатковую абарону ад атлусьценьня, гіпэртаніі, цукровага дыябэту 2-га тыпу і сардэчна-судзіннай сьмяротнасьці. Мужчыны маюць больш карысьці для здароўя ад вэганскай дыеты, чым жанчыны.

Які мэханізм адказны за такі станоўчы ўплыў на здароўе? Напэўна, мэханізмаў некалькі. Вэгетарыянская дыета нясе карысьць для здароўя за кошт больш высокага ўтрыманьня харчовага валакна, фалійнай кіслаты, вітамінаў С і Е, калію, магнію, поліфэнолаў і ненасычаных тлушчаў. У параўнаньні зь іншымі вэгетарыянскімі дыетамі, вэганская дыета, як правіла, утрымлівае менш насычаных тлушчаў і халестэрыну і яшчэ больш харчовага валакна.

Апошні момант выклікае зацікаўленасьць навукоўцаў. Харчовыя валокны, як вядома, уплываюць на кішэчную мікрафлёру. Апошнім часам лічыцца, што роля мікрафлёры недаацэнена, што яна мае ўплыў на нашу вагу і хваробы. Кішэчная флёра вэгетарыянцаў увогуле адрозьніваецца ад мясаедаў. Флёра вэганаў падобная па саставу на флёру іншых вэгетарыянцаў, але, падаецца, ёсьць яшчэ больш унікальнай па некалькіх характарыстыках. Так, у ёй знойдзем менш шкодных бактэрыяў, уключаючы энтэрабактэрыі, але больш ахоўных відаў бактэрыяў, такіх як F prausnitzii. Лічыцца, што мікрафлёра напрамую уплывае на працэсы запаленьня ў арганізьме. Хранічнае запаленьне, у сваю чаргу, прыводзіць да розных хвароб. Я ўпэўнена, што ў самым хуткім часе навукоўцы падзеляцца з намі новымі вынікамі дасьледаваньняў у галіне вэгетарыянства і вэганства. Пакуль навукоўцы сыходзяцца ў адным: чым больш расьлінных прадуктаў у рацыёне, тым мацней здароўе.

Дарэчы, калі вам цікавая тэма вэгетарыянства і блакітных зон, дык пачытайце мае папярэднія артыкулы пра дыету японцаў з востраву Акінава, жыхароў грэцкай Ікарыі і італьянскай Сардыніі.