«Тварам у падлогу, накінуўшы капюшоны на галаву», — Губарэвіч, Кавалькова, Лябедзька, Рымашэўскі ды іншыя затрыманыя ў Маладэчне

Пасьля «Маршу недармаедаў» у Маладэчне супрацоўнікі міліцыі затрымалі лідэра Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, старшыню Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага, лідэрку Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Вольгу Кавалькову, актывіста АГП Дзяніса Красачку, Сяргея Каралевіча, журналіста БелаПАН ды іншых, усяго больш за 10 чалавек.

Старшыня АГП трансьляваў затрыманьне ў жывым эфіры праз сваю старонку ў Фэйсбуку.

«Закінулі ў бус, тварам у падлогу, з грубай фізычнай сілай. Адвезьлі ў пастарунак. Хутчэй за ўсё, нейкая група зь Менску гэтым займалася, бо іх твары я не аднойчы бачыў на менскіх мерапрыемствах. Нам нічога не сказалі, не папярэдзілі, проста, як злачынцы, падляцелі ззаду, адчынілі дзьверы, пазакідвалі, селі на плечы на нас і паехалі», — сказаў Юрась Губарэвіч карэспандэнту Свабоды адразу пасьля затрыманьня.

Да затрыманых у Маладэчне прыехала дэпутатка Канапацкая. Са зламанай нагой. Відэа

Адчынілі дзьверы, пазакідвалі, селі на плечы на нас і паехалі

Юрась Губарэвіч назваў гэтыя дзеяньні міліцыі «спробай запалохваньня».

— Я цяпер знаходжуся ў кабінэце з супрацоўнікам міліцыі, які будзе складаць пратакол. Чым гэта завершыцца, я ня ведаю. Але ёсьць верагоднасьць, што мы тут заначуем да суду. А з улікам выходных дзён — да панядзелка. Тут цяжка прагназаваць.

— То бок вы цяпер у Маладэчанскім РАУС?

— Напэўна, так, бо цяжка было зразумець. Заводзілі тварам у падлогу, накінуўшы капюшоны на галаву. І так выводзілі з аўтобуса, таму ніякай шыльды я не разгледзеў.

У 21.15 зноў удалося датэлефанавацца да Юрася Губарэвіча (тэлефоны Анатоля Лябедзькі і Віталя Рымашэўскага заблякаваныя).

— Відаць, зь Менску атрымалі ўказаньне, што далей рабіць. І цяпер ідзе складаньне пратаколу па артыкуле 23.34 (РС -- Парушэнне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў), у адносінах да мяне — частка трэцяя. Але паколькі ў розных кабінэтах знаходзімся, то невядома, што ў адносінах да кожнага. Але нейкія зрухі пачаліся, хоць невядома, якія будуць вынікі і ці застанемся мы тут чакаць суду да панядзелка, — сказаў Свабодзе Юрась Губарэвіч.

— Вас зьбілі падчас затрыманьня?

— Затрыманьне было брутальнае, ніхто не прадстаўляўся, не паказваў пасьведчаньняў. На вопратцы не было ніякіх апазнавальных знакаў. Проста па двое-трое падляталі, закідвалі ў мікрааўтобус паміж сядзеньнямі, навальвалі зьверху, такім чынам везьлі. Я чуў, як Анатоль Лябедзька, які ляжаў уперадзе, гучна крычаў, каб яму не ламалі рукі.

"Пасьля заканчэньня акцыі палітыкі пайшлі да машыны, я вырашыў іх суправадзіць. У гэты час усіх і затрымалі", —​ паведаміў журналіст БелаПАН Сяргей Каралевіч па тэлефоне з РАУС.

Таксама сярод затрыманых і лідэрка Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова, паведамляе прэс-служба БХД.

Па словах адказнага сакратар БХД Дзяніса Садоўскага, зь якім яна размаўляла ў момант затрыманьня па тэлефоне, на актывістаў накінуліся людзі ў цывільным, якія, не прадставіўшыся, паклалі іх тварамі на зямлю і зацягнулі ў машыну. Пры гэтым лідарку ХДР ударылі галавой аб машыну.

З маладэчанскай раеннай управы міліцыі выйшаў Ільля Бондар, які быў затрыманы пасьля мітынгу. Ен распавеў, што яго затрымалі разам з двума сябрамі, ў міліцэскім аўтобусіку зьбівалі. Склалі пратакол аб удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Паводле Ільлі ў пастарунку яшчэ не меней 4-5 чалавек, акрамя арганізатараў. Пра тых чуў, што камусьці пагражае 5 сутак. Ільля распавеў, што міліцыянты жорстка абыходзіліся ня толькі зь ім, але і з затрыманай дзяўчынай. Чуў, як дзяўчына крычала, абуралася тым, што яе закінулі ў аўтобус. Пазьней Ільля Бондар быў зноў затрыманы. Пасьля гутаркі з журналістамі ён сышоў, але потым яго прывезьлі ў пастарунак на міліцэйскай машыне. Гэтым разам Ільлі не дазволілі нічога сказаць журналістам і павялі ў пастарунак.

Да райадзелу міліцыі прыехалі лідэры Павал Севярынец і Дзяніс Садоўскі ды іншыя актывісты БХД. Яны мелі размову з кіраўніцтвам РУУС. Севярынец сказаў, што запатрабаваў, каб праз гадзіну, калі будзе 3 гадзіны ад затрыманьня (каля 22.30), усе былі вызваленыя.

22.10. Вызвалілі 16-гадовага школьніка з Маладзечна Дзяніса, якога затрымалі каля вакзалу адразу пасьля мітынгу. Распавёў, што зь ім абыходзіліся нармальна, не білі, але ён бачыў, як у аўтобусе "прэсавалі" тых, хто абураўся затрыманьнем. На Дзяніса склалі пратакол, за ім прыехаў бацька. Распавёў, што затрыманых трымаюць ў актавай зале, зь імі па чарзе размаўляюць і складаюць пратаколы. Калі будуць вызваляць астатніх, Дзяніс ня ведае. У аўтобусе, ў якім яго везьлі ў РУУС, было 5 чалавек. Колькі ўсяго затрыманых, ён ня ведае, але кажа, што "такіх «бусікаў» кружыла шмат".

23.00. Да Маладзечанскага РУУС прыехалі дэпутат ПП НС Ганна Канапацкая, жонка Анатоля Лябедзькі Сьвятлана і намесьніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва. Іх прапусьцілі ў памяшканьне. Цяпер яны размаўляюць праз краты з актывісткай Вольгай Кавальковай. Пасьля таго, як яна ўзяла перададзеную бутэльку вады, Кавалькову адвялі з вэстыбюлю ў калідор.

Ганна Канапацкая вядзе жывую трансьляцыю праз Фэйсбук.

Ганна Канапацкая патрабуе, каб затрыманых вызвалілі, паколькі на іх былі складзеныя пратаколы, і патрэбы ў іх знаходжаньні ў пастарунку цяпер няма.

Дэпутатка ходзіць на мыліцах. Нядаўна яна зламала нагу.

***

Затрыманьні адбыліся вечарам 10 сакавіка пасьля акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3. У мітынгу на Цэнтральнай плошчы і шэсьці да будынку падатковай інспэкцыі прынялі ўдзел да 1 тысячы чалавек.