Уладзімер Някляеў: галоўную памылку на Плошчы-2010 зрабіў Аляксандар Лукашэнка

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году Ўладзімер Някляеў лічыць, што і апазыцыя, і апазыцыйныя лідэры зрабілі памылкі да Плошчы-2010, падчас яе і пасьля. Пра гэта ён заявіў сёньня ў інтэрвію для Радыё Свабода.

Уладзімер Някляеў такім чынам адгукнуўся на завочную палеміку паміж іншым кандыдатам на выбарах 2010 году Андрэем Саньнікавым і кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандрам Мілінкевічам.

Днямі ў інтэрвію Радыё Свабода Андрэй Саньнікаў заявіў наступнае «Я не магу рабіць працу над памылкамі, таму што не лічу, што мы памыляліся». Яму запярэчыў Аляксандар Мілінкевіч. «З такім падыходам нельга пагадзіцца, бо самакрытычнасьць — адна з важных лідэрскіх, ды і ўвогуле, чалавечых якасьцяў. Яна дапамагае аналізаваць і прагназаваць. А прагназаваць сёньня, як ніколі, неабходна. На кану існаваньне незалежнай Беларусі, — лічыць Мілінкевіч.

У інтэрвію Радыё Свабода Ўладзімер Някляеў падтрымаў пазыцыю Аляксандра Мілінкевіч і сказаў, што ён сам «працу над памылкамі» рабіў ужо ня раз і свае памылкі прызнае.

Някляеў: «Я ніколі не казаў, што праца над памылкамі не патрэбная. І я ніколі не казаў, што ў 2010 годзе не было дапушчана ніякіх памылак. Хаця б зыходзячы з таго, што я ня здолеў дайсьці да плошчы і рэалізаваць тое, што было нашым плянам на Плошчы-2010, сьведчыць пра тое, што я асабіста і мой штаб дапусьцілі памылку. Якую і дзе — гэта ўжо іншая рэч, але факт памылкі ёсьць. Калі нехта кажа, што я не задумваўся, не аналізаваў і не стараўся знайсьці адказных, гэта няпраўда.

Здаецца на сайце «Салідарнасьці» прыкладна ў той час, калі мяне ўжо выпусьцілі з турмы і з-пад хатняга арышту, была цэлая сэрыя інтэрвію з былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты, дзе яны адказвалі на самыя вострыя і непрыемныя пытаньні, якія тычыліся падзеяў 2010 году. Я тады шмат пра што сказаў. У той час я яшчэ не пра ўсё ведаў і многае высьветлілася пазьней, а яшчэ болей пасьля таго, як выйшаў на волю Мікалай Статкевіч, і мы зь ім удвох прааналізавалі тое, што адбывалася ў 2010 годзе як на плошчы, так і перад ёю і пасьля яе.

Дык вось нягледзячы на тое, што высьветліліся ня самыя, скажам так, прыстойныя дзеяньні некаторых прадстаўнікоў апазыцыі, у тым ліку майго штабу, я і да, і цяпер лічу, што галоўная памылка была дапушчана не апазыцыяй, не апазыцыйнымі лідэрамі, а ўладай, пэрсанальна Лукашэнкам. І ўлада гэта разумее, і Лукашэнка гэта ведае. Таму яны з такой настойлівасьцю перакладаюць віну на апазыцыю і ўсяляк намякаюць на тое, што ў змове з апазыцыяй удзельнічала яшчэ нейкая трэцяя сіла.

Я дакладна ведаю, што рашэньне аб крывавым разгоне Плошчы-2010 прыняў пэрсанальна Лукашэнка. Я дакладна ведаю, што прыняў ён яго зыходзячы зь недакладнай інфармацыі сілавых структур, якія значна перабольшвалі небясьпеку, якую нясе для рэжыму і асабіста для ўлады Лукашэнкі Плошча 2010 году. І ў стане панічнага страху ён і прыняў гэтае трагічнае для Беларусі рашэньне. Я згодны з тымі, хто лічыць, што гэтае рашэньне адкінула Беларусь як мінімум на сем гадоў, калі браць адлік ад сёньняшняга дня ў мінулае. На дручках спэцслужбаў была адкінутая ў мінулае эўрапейская будучыня Беларусі. Калі б гэтага не было зроблена, то мы сёньня ў разьвіцьці дэмакратычных працэсаў у нашай краіне стаялі б на сем гадоў паперадзе таго, дзе стаім зараз", — сказаў у інтэрвію Радыё Свабода Ўладзімер Някляеў.