Вучыў беларускай гісторыі Высоцкага. 15 фактаў пра Міхася Ткачова

Міхась Ткачоў каля сьценаў Мірскага замку, 1972 год. Фота Міхася Чарняўскага

Сёньня дзень памяці Міхася Ткачова. Беларускі археоляг і гісторык архітэктуры, палітычны дзяяч памёр 31 кастрычніка 1992 году. Свабода сабрала 10 фактаў пра ягонае жыцьцё і дзейнасьць.

Гадавала маці

Міхась Ткачоў нарадзіўся ў Мсьціславе ў сямʼі настаўнікаў. Але бацька Алесь так ніколі і не дазнаўся пра нараджэньне сына. Ён загінуў пад Ленінградам у 1942 годзе. Будучага палітыка і навукоўца гадавала маці Дамініка.

Быў «надзеяй» дыназаўра савецкай гістарычнай навукі

Да навукі Ткачова падахвоціў вядомы савецкі гісторык Лаўрэнці Абэцэдарскі, які выконваў сацыяльны заказ ЦК КПБ. Сам Ткачоў ставіўся да Абэцэдарскага з павагай і не пагаджаўся з тымі, хто называў гісторыка рэтраградам. Менавіта Абэцэдарскі паспрыяў Ткачову атрымаць доступ да зачыненых фондаў з кнігамі. «Калі я дабраўся да найцікавейшых дарэвалюцыйных выданьняў, дык цьвёрда вырашыў: усё, адсюль і надалей буду займацца толькі гісторыяй сярэднявечча», — узгадваў Ткачоў.

Стаў ахвярай плягіяту

Дыплёмную працу малады гісторык прынёс прапанаваць выдавецтву «Беларусь». Там зь яго пасьмяяліся і сказалі, што яны не выдаюць працы студэнтаў. Але паабяцалі надрукаваць у мсьціслаўскай раёнцы. Неўзабаве ўсе тэксты з газэты і бязь ведама Ткачова выйшлі ў тым самым выдавецтве, але падпісаныя зусім іншым прозьвішчам.

Вучань «патрыярха беларускай археалёгіі»

Віцебск. Ніжні Замак, 1981 год. Міхась Ткачоў і Тацьцяна Бубенька. Фота Лявона Калядзінскага.

Пасьля ўнівэрсытэту Ткачоў настаўнічаў у Жодзіне, пасьля чаго пайшоў у асьпірантуру Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Падчас першай экспэдыцыі ён трапіў у групу прафэсара Георгія Штыхава. Патрыярх беларускай археалёгіі не цырымоніўся з Ткачовым і ўжо ў першы дзень наладзіў «шмон». Ён загадаў Ткачову паказаць усё, што малады асьпірант мае ў намёце. Падчас праверкі ён прачытаў Ткачову лекцыю, што павінен мець археоляг падчас экспэдыцыі на выпадак дажджу, граду ці сьнегу. «Інакш ня будзеш добрым спэцыялістам», — паўшчуваў тады Штыхаў свайго студэнта.

«Замкі Беларусі будаваліся дзеля абароны ад Масковіі»

Міхась Ткачоў адным зь першых у Беларусі пачаў працаваць на мяжы гісторыі і археалёгіі, вывучаючы абарончае дойлідзтва Вялікага Княства Літоўскага ў сярэднявечныя часы. Ён прыйшоў да высновы, што абарончыя сыстэмы гарадоў і мястэчак Падняпроўя і Падзьвіньня былі рэакцыяй на складаныя адносіны ў XVI–XVIII стст. з суседняй Маскоўскай дзяржавай і будаваліся дзеля абароны ад Масковіі. Знойдзеныя архіўныя матэрыялы ўпарта сьведчылі: «Масква прыйшла», «Масква выпаліла», «Масква высекла».

Лекцыя па гісторыі Беларусі Высоцкаму і Ўладзі

Падчас раскопак у Наваградку Міхась Ткачоў пазнаёміўся з Уладзімерам Высоцкім і яго жонкай Марынай Уладзі. Там Ткачоў прачытаў ім і міні-лекцыю па гісторыі Беларусі.

Быў настаўнікам цэлага пакаленьня беларускіх гісторыкаў

Міхась Ткачоў і вучні: Генадзь Семянчук і Андрэй Мяцельскі (справа). Віцебск, 1984 г.

Вучнямі Ткачова былі Алег Трусаў, Ігар Чарняўскі, Генадзь Сагановіч, Андрэй Мяцельскі, Леанід Калядзінскі, Тацьцяна Бубенька, Генадзь Семянчук.

Заснавальнік дысыдэнцкага клюбу ў Горадні

З 1978 году Ткачоў жыў у Горадні, працаваў ва ўнівэрсытэце. Там ён стаў адным з заснавальнікаў і лідэрам гарадзенскага гістарычна-культурнага і палітычнага клюбу «Паходня». Клюб у тыя часы быў цэнтрам дэмакратычнага руху гораду.

Хацеў ператварыць Горадню ў горад-музэй

У 1988 годзе ён зьвярнуўся ў абкам партыі з прапановай рэалізаваць 12-гадовую гісторыка-культурную праграму «Горадня — горад-музэй. Горадня — горад музэяў». Прапаноўвалася стварыць у горадзе 18 музэяў і мэмарыяльных цэнтраў. Гарадзкія ўлады не прыслухаліся да прапановаў навукоўца.

Камуністы кідалі на барацьбу зь ім «цяжкую артылерыю»

У 1989 годзе Міхась Ткачоў балятаваўся ў народныя дэпутаты СССР. Ён зладзіў актыўную кампанію, у адказ пачалася кампанія цкаваньня. Каб не прапусьціць Ткачова, гарадзенскія ўлады выставілі супраць яго абласнога кіраўніка партыі. Ткачоў у выніку не прайшоў у ВС СССР. Сам ён пазьней узгадваў, што гэтая падзея стала пераломным момантам у расчараваньні камунізмам.

Дарэчы, у 1990 годзе Ткачоў балятаваўся ў ВС БССР. Аднак ня быў абраны. Замест яго быў абраны іншы дэпутат, які называў сябе дэмакратам, але ня быў нікому вядомы. Сёньня гэтае прозьвішча вядомае ўсім, хто глядзіць БТ. Гэта Яўген Новікаў.

Быў намесьнікам Пазьняка

Алесь Суша, Міхась Ткачоў, Зянон Пазьняк, Юры Хадыка

У 1989 годзе Ткачоў быў абраны намесьнікам старшыні Сойму БНФ. Фактычна Ткачоў быў намесьнікам Зянона Пазьняка. На здымку: Першыя лідэры Фронту зьлева направа: моладзевы лідэр Алесь Суша, Зянон Пазьняк, Міхаcь Ткачоў і Юры Хадыка (другі намесьнік).

Адзін з айцоў новай беларускай сацыял-дэмакратыі

Ткачоў, разам зь Міхасём Чарняўскім, Анатолем Сідарэвічам і Алегам Трусавым, быў ініцыятарам аднаўленьня ў Беларусі сацыял-дэмакратыі. У сакавіку 1991 году яго абралі старшынём Цэнтральнай Рады Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, якая лічыла ўзорам Беларускую Сацыялістычную Грамаду, якая скончыла сваё існаваньне ў 1918 годзе.

Пахаваны на Алеі герояў

Міхась Ткачоў памёр у 50 гадоў ад хваробы нырак. Яго пахавалі на Алеі ганаровых грамадзянаў на Ўсходніх могілках. Сёньня цяжка ўявіць, каб там пахавалі лідэра апазыцыйнай партыі. Паніхіда прайшла ў Доме літаратара, дзе былі практычна ўсе дэпутаты Вярхоўнага савету, у тым ліку і старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч. Адпяваў нябожчыка тагачасны мітрапаліт Філарэт.

Мог стаць супернікам Лукашэнкі

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 «Грамада» падтрымала Станіслава Шушкевіча. Але як кажа былы старшыня партыі, блізкі паплечнік Ткачова, калі б не заўчасная сьмерць, то сацыял-дэмакраты вылучылі б на гэтую пасаду Міхася Ткачова.

Галоўная запаведзь палітыка:

«Не зрабіць зла свайму народу. Пры ўсіх варыянтах разьвіцьця падзей, трэба памятаць — мы беларусы. І камуністы, і сацыял-дэмакраты. Розныя партыі аднаго народу. Уразумеем гэта — усё астатняе вырашыцца лёгка і проста. Галоўнае жыць спакойна, дэмакратычна і адчуваць сябе беларусамі».

Упершыню артыкул быў апублікаваны 10 сакавіка 2017 году.