«Улада наўрад ці вернецца да таго, каб ізноў прымяняць гэты дакумэнт, – сказаў Леанід Судаленка Свабодзе. – Яго ціха зьлілі ва ўнітаз пад выглядам мараторыя».
21 лютага ў Гомлі скончыўся першы ў Беларусі суд супраць Дэкрэту №3. Аляксандар Сямёнаў дабіваўся ў судзе прызнаньня свайго «недармаедзтва». Судаленка выступаў ягоным грамадзкім абаронцам. Напярэдадні апошняга паседжаньня гомельскі гарвыканкам вызваліў Сямёнава ад аплаты «падатку на дармаедзтва».
Усяго Судаленка падрыхтаваў каля 200 скаргаў «дармаедаў». Цягам апошніх двух тыдняў многіх зь іх вызвалілі ад сплату падатку.
«Улада вызваляе калі ня кожнага першага, то кожнага другога, – кажа Судаленка.– Нават вызвалілі хлопца, якія напісаў у скарзе, што лічыць цяжкай жыцьцёвай сытуацыяй адсутнасьць у краіне працы».
Па словах Судаленкі, прыпыненьне дэкрэту №3 – «заканамерны вынік нашай агульнай працы». Усіх людзей, якія зьвярталіся да яго, ён папярэджваў не сьпяшацца аплачваць падатак.
«Я казаў заўжды: людзі не сьпяшайцеся прызнаваць сваю паразу. Не плаціце, усё можа памяняцца. Цяпер, відаць, да мяне прыйдуць тыя, хто заплаціў. Я таксама буду ім дапамагаць якімсьці чынам вярнуць ім грошы».
Пакуль невядома, як паўплывае рашэньне ўладаў на пратэстную актыўнасьць. Гомель быў першым горадам, дзе на марш «недармаедаў» выйшлі больш за тысячу чалавек. На 25 сакавіка тут быў заплянаваны наступны марш.
«Гомельскі аргкамітэт «Маршу недармаедаў», пакуль не зьбіраўся, – кажа Судаленка. – Будзем абмяркоўваць, што рабіць далей. Ёсьць розныя думкі. Але патрабаваць ад уладаў нам ёсьць што – поўнай адмены дэкрэту».
«Гэты дэкрэт ціха зьлілі ва ўнітаз», – праваабаронца, які выйграў першы суд супраць дэкрэту №3
Прававы інспэктар прафзьвязу РЭП Гомельскай вобласьці Леанід Судаленка падрыхтаваў каля 200 скаргаў «дармаедаў» – людзей, якія былі нязгодныя плаціць 360 рублёў па Дэкрэце прэзыдэнта №3. Ён лічыць, што пад выглядам мараторыя на дэкрэт увогуле забудуцца.