Грузіны змогуць езьдзіць у Эўразьвяз бязь віз праз тры тыдні

Грамадзяне Грузіі змогуць наведваць краіны Эўрапейскага зьвязу бязь віз ад 28 сакавіка. Пра гэта гаворыцца на сайце грузінскага Міністэрства замежных спраў. Правам на наведваньне Эўразвязу бязь віз змогуць скарыстацца і грамадзяне Грузіі, якія жывуць на тэрыторыі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Грамадзяне Грузіі, якія маюць біямэтрычныя замежныя пашпарты, змогуць знаходзіцца ў краінах Шэнгенскай зоны 90 дзён з 180. Бязьвізавы рэжым не прадугледжвае права на працаўладкаваньне ў краінах Эўразьвязу.

Перамовы аб бязьвізавым уезьдзе грамадзян Грузіі ў Эўразьвяз вяліся з 2012 году. У сьнежні 2016 году Эўразьвяз папярэдне ўхваліў мэханізм адмены візаў. Сёлета 2 лютага Эўрапарлямэнт прагаласаваў за лібэралізацыю візавага рэжыму для грамадзян Грузіі. У канцы лютага Рада Эўразьвязу зацьвердзіла гэтае рашэньне.