У Вашынгтоне распаўсюджаны штогадовы даклад Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША па правах чалавека ў сьвеце за 2016 год.
Гэта першы даклад аб сытуацыі з правамі чалавека, які апублікавала новая адміністрацыя прэзыдэнта Дональда Трампа. Даклад падпісаны новым дзяржаўным сакратаром Рэксам Тылерсанам.
У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, гаворыцца, што найбольшымі праблемамі ў галіне правоў чалавека зьяўляюцца няздольнасьць грамадзян зьмяніць уладу шляхам выбараў, адсутнасьць мэханізму стрымліваньняў і проціваг у палітычнай сыстэме і зьвязаныя з гэтым злоўжываньні ўлады.
Даклад падкрэсьлівае, што пасьля свайго выбару ў 1994 годзе прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка падарваў у краіне вяршэнства закону, у тым ліку маніпулюючы выбарамі і выдаючы аўтарытарныя дэкрэты. У дакладзе орыцца, што ўсе наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам. Парлямэнцкія выбары ў 2016 годзе, адзначаецца, таксама не адпавядалі міжнародным стандартам.
У разьдзеле па Беларусі, які налічвае 56 старонак, аўтары дакладу скрупулёзна пералічваюць факты парушэньняў правоў чалавека ў краіне, асабліва акцэнтуючы ўвагу на жорсткім абыходжаньні і катаваньнях у беларускіх турмах (згадваюцца выпадкі сьмерці ў зьняволеньні Ігара Пцічкіна і Ігара Барбашынскага) і працэсах з палітычнай падбіўкай (у гэтым кантэксьце ўпамінаецца судовая справа блогера Эдуарда Пальчыса).