Дыпляматы з сямі ўсходнеэўрапейскіх краін выступілі ў аўторак на пасяджэньні сэнацкага падкамітэту камітэта па фінансах з заклікам да амэрыканскіх заканадаўцаў падтрымаць іх у супрацьстаяньні ўмяшаньню ў іх справы з боку Расеі і захаваць санкцыі супраць Крамля.
«Да таго часу, пакуль Расея не пакіне ўкраінскую зямлю, не павінна быць ніякага паслабленьня рэжыму санкцыяў — заявіў міністар замежных спраў Украіны Павел Клімкін — іх неабходна пашырыць.
Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва Reuters, гэты заклік падтрымалі амбасадары Польшчы, Грузіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі. Яны ацанілі дзеяньні Расеі як «гібрыдную вайну» у рамках якой Крэмль выкарыстоўвае кібэратакі, прапагандысцкую кампанію і пагрозы прымяненьня сілы.
Старшыня падкамітэту сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм, які незадоўга да пасяджэньня абмеркаваў з прэзыдэнтам Дональдам Трампам пытаньні зьнешняй палітыкі, абвясьціў дыпляматам, што прэзыдэнт ЗША, на яго думку, будзе іх добрым саюзьнікам.