Беларускі актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок атрымаў ад віленскага суду штраф 140 эўра за леташнюю акцыю каля амбасады Расеі ў Літве ў падтрымку расейскага палітвязьня Ільдара Дадзіна.
Як паведаміў сам Мікола Дзядок на сваёй старонцы ў фэйсбуку, паведамленьне пра штраф яму прыслалі па электроннай пошце.
7 лістапада 2016 году, некалькі чалавек (сярод іх, паводле Дзядка, былі «анархісты, палітычныя ўцекачы і сацыяльныя актывісты») наладзілі пікет ля амбасады Расейскай Фэдэрацыі ў Вільні ў падтрымку расейскага палітвязьня Ільдара Дадзіна, якога тады катавалі ў расейскай турме.
Мікола Дзядок пачаў прамаўляць у мэгафон, аднак зьявіўся паліцыянт і, спасылаючыся на заканадаўства, прапанаваў пікетоўцам адыйсьці на 80 мэтраў ад будынку амбасады. Пікетоўцы адмовіліся гэта зрабіць, паколькі, як патлумачыў Дзядок, з такой адлегласьці іх ня будзе чутна. Тады Дзядка і яшчэ двух пікетоўцаў затрымалі і адвезьлі ў камісарыят паліцыі. Праз тры гадзіны затрыманых выпусьцілі, але супраць Дзядка пачалі адміністрацыйную справу.
Былы палітвязень, анархіст Мікола Дзядок быў асуджаны ў Беларусі паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Яго вызвалілі ў 2015 годзе пасьля пяці гадоў утрыманьня за кратамі.